Мінск 01:21

На сустрэчы з дэлегацыяй Ірана кіраўніцтва Белгідрамета надало “асаблівую ўвагу” радыяцыйнаму маніторынгу

28 кастрычніка, Позірк. Арганізацыі і правядзенню радыяцыйнага маніторынгу навакольнага асяроддзя ў Беларусі была нададзеная “асаблівая ўвага” на сустрэчы кіраўніцтва Белгідрамета з дэлегацыяй Міністэрства энергетыкі Ірана ў Мінску 28 кастрычніка.

Паводле інфармацыі службы, іранцы былі праінфармаваныя аб асноўных відах назіранняў, якія яна праводзіць, аб пунктах радыёлакацыйнага і метэаралагічнага маніторынгу і асноўных комплексах апрацоўкі метэаралагічных даных.

Асобна ў даведцы Белгідрамет адзначае, што назірае за “натуральным радыяцыйным фонам, радыяцыйным фонам у раёнах АЭС, радыяцыйным забруджваннем атмасфернага паветра, паверхневых вод і глебы, на тэрыторыях, якія зазналі радыяцыйнае забруджванне ў выніку катастрофы на Чарнобыльскай АЭС“.

Іранская ядзерная праграма, якая рэалізуецца пры падтрымцы Расіі, стала галоўнай прычынай атак Ізраіля і ЗША, якія лічаць яе экзістэнцыяльнай пагрозай. За апошнія паўтара года яны правялі дзве буйныя ваенныя аперацыі супраць Ірана, каб не дапусціць стварэння на яго тэрыторыі ядзернай зброі (з 13 па 24 чэрвеня 2025 года і з 28 лютага па 8 красавіка 2026-га з лакальнымі баявымі дзеяннямі ў чэрвені і ліпені). Інфармацыя аб эфектыўнасці бамбардзіровак адрозніваецца, іранскі рэжым выстаяў.

Са спасылкай на неафіцыйныя крыніцы сусветныя СМІ паведамляюць пра магчымасць аднаўлення ўдараў па Іране ў бліжэйшы час.

Падзяліцца: