Гістарычны досвед Беларусі і Ірландыі ў захаванні нацыянальнай ідэнтычнасці падобны — Ціханоўская (дапоўнена)
Дададзеныя абзацы 9–13
27 кастрычніка, Позірк. Беларусь і Ірландыю аб’ядноўвае барацьба за незалежнасць, захаванне мовы і культуры ва ўмовах ціску з боку больш буйных суседзяў, заявіла дэмлідар Святлана Ціханоўская 27 кастрычніка ў Дубліне
Палітык выступіла на канферэнцыі “Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць”, паведаміла “Позірку” яе прэс-служба.
Паводле Ціханоўскай, краіна стала для яе “сімвалам свабоды”, калі яна ўпершыню прыехала туды ў яшчэ ў падлеткавым узросце ў межах праграмы “Дзеці Чарнобыля” (нарадзілася і правяла дзяцінства ў Лунінецкім раёне Брэсцкай вобласці. — “Позірк”.) — там людзі маглі адкрыта выказваць сваё меркаванне і не баяцца крытыкаваць урад: “Для мяне Еўропа пачалася ў Ірландыі”.
Мясцовы досвед захавання мовы і культуры “дае беларусам надзею”, лічыць дэмлідар. Паводле яе, на працягу стагоддзяў беларуская культура сутыкалася з русіфікацыяй і спробамі асіміляцыі, а пры цяперашніх уладах беларускую мову і культурныя ініцыятывы “выцясняюць на перыферыю”.
“У Беларусі нават кажуць: наша мова стала першым палітвязнем”, — дадала Ціханоўская, адзначыўшы, што беларускія кнігі забараняюць, незалежныя выдавецтвы, літаратары сутыкаюцца з рэпрэсіямі або вымушаны з’язджаць у эміграцыю.
Пасля пратэстаў 2020 года беларусы працягваюць захоўваць нацыянальную ідэнтычнасць праз музыку, літаратуру, тэатр і іншыя культурныя праекты, у тым ліку ў эміграцыі, сказала спікер. Асобна яна адзначыла ролю культуры ў супрацьдзеянні расійскаму ўплыву.
“Наша нацыянальная ідэнтычнасць — гэта не толькі захаванне мінулага. Гэта яшчэ і абарона нашай будучыні”, — сказала палітык.
Яна падзякавала Ірландыі за падтрымку дэмакратычнай Беларусі на міжнародных пляцоўках, дапамогу незалежным СМІ і палітвязням.
Па выніках канферэнцыі міністр Ірландыі па еўрапейскіх справах і абароне Томас Бірн адзначыў, што мерапрыемства “дэманструе прыхільнасць Ірландыі падтрымцы дэмакратычных каштоўнасцяў і забеспячэнню таго, каб Беларусь заставалася высока ў міжнародным парадку дня”.
“Ва ўмовах мноства крызісаў, з якімі мы сутыкаемся ва ўсім свеце, важна, каб мы заставаліся засяроджанымі на бягучай сітуацыі ў Беларусі. Мы салідарныя з народам Беларусі, які працягвае сваё мірнае імкненне да дэмакратыі, правоў чалавека і фундаментальных свабод”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце ўрада Ірландыі.
Бірн таксама падкрэсліў, што ўласны досвед Ірландыі паказаў важнасць захавання мовы і культуры як выражэння нацыянальнай ідэнтычнасці.
“Сённяшнія дыскусіі падкрэслілі жыццёва важную ролю, якую мова, культура і ідэнтычнасць адыгрываюць у абароне дэмакратычных каштоўнасцяў і падтрыманні надзеі ў цяжкіх абставінах. Сувязі паміж Ірландыяй і Беларуссю маюць глыбокія карані, якія ўмацаваліся на працягу дзесяцігоддзяў дзякуючы сувязям паміж людзьмі і ініцыятывам салідарнасці”, — адзначыў міністр.
Паводле яго слоў, “шчодрасць ірландскіх сем’яў, якія прымалі беларускіх дзяцей у сваіх дамах, стварыла трывалыя повязі паміж нашымі народамі“.
Раней прэс-служба Ціханоўскай адзначала, што ў канферэнцыі таксама возьмуць удзел палітыкі, пісьменнікі, дзеячы культуры, мовазнаўцы, даследчыкі і прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці Беларусі і Ірландыі.
11 ліпеня паведамлялася, што Ціханоўская ў Варшаве абмеркавала з амбасадарам Ірландыі ў Польшчы Патрыкам Хогі супольныя мерапрыемствы ў перыяд ірландскага старшынства ў Савеце Еўрапейскага саюза (1 ліпеня — 31 снежня 2026 года), а таксама правядзенне ўвосень ірландска-беларускай канферэнцыі сумесна з МЗС краіны.
У якасці палітыка Святлана Ціханоўская наведвала Ірландыю ў 2021 і 2023 гадах.
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- ЭканомікаНарыхтоўшчыкі завінаваціліся насельніцтву за малако амаль 45 тыс. рублёўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Эканоміка
- ЭканомікаПрадукцыйнасць працы вырасла ў гадавым выражэнні на 1,5% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка



