Мінск 13:35

Лукашэнка анансаваў чарговую амністыю, гаворка ідзе пра жанчын (дапоўнена)

Ілюстрацыйнае фота: праваабарончы цэнтр "Вясна"

28 кастрычніка, Позірк. Законапраект “Аб амністыі” даручыў распрацаваць Міністэрству ўнутраных спраў Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“Галоўнае ў маючым адбыцца акце гуманізму — жанчына. Гэта шанец на выпраўленне памылак і іх адкупленне добрасумленнай працай, вяртанне да паўнавартаснага жыцця ў грамадстве, захаванне сем’яў”, — гаворыцца ў паведамленні.

За папярэднія пяць гадоў у Беларусі абвясцілі тры амністыі, апошняя з якіх у траўні 2025 года была прымеркаваная да Дня Перамогі. Яна павінна была закрануць 7.630 асуджаных.

Амністыі 2024 і 2022 гадоў былі звязаныя з 80-годдзем вызвалення Беларусі і Днём народнага адзінства адпаведна.

У ліпені 2024 года дзяржСМІ цытавалі міністра ўнутраных спраў Івана Кубракова, які паведаміў, што папярэдняя амністыя ахапіла каля 5,5 тыс. чалавек. Пры тым, што ў 2023 годзе амністыі не было, зняволеныя выходзілі цягам шасці месяцаў, пачынаючы са снежня 2022 года.

Адзначалася, што амністыя ўжывалася да непаўналетніх, цяжарных жанчын, пенсіянераў, людзей з інваліднасцю, анкалагічных хворых, ВІЧ-інфікаваных і іншых асуджаных за злачынствы, якія не ўяўляюць вялікай грамадскай небяспекі або якія адносяцца да катэгорыі менш цяжкіх.

На неабходнасці надаць асаблівую ўвагу вызваленню жанчын, на што робіцца ўпор сёлета, Лукашэнка настойваў не адзін раз. Калі 11 студзеня 2024 года ён даручаў падрыхтаваць новую амністыю, то заявіў: “Трэба будзе больш уважліва паглядзець на жанчын і дзяцей, на жанчын з дзецьмі, іншыя катэгорыі асуджаных”.

Амністыі не закраналі палітвязняў, аднак у 2025 годзе паведамлялася, што адначасова з агульнай амністыяй Лукашэнка памілаваў 42 чалавекі, асуджаных па палітычных справах.

Практыка вызвалення палітвязняў працягваецца з ліпеня 2024 года і не звязана з агульнай амністыяй. Раней было не менш за 15 хваляў памілаванняў, у выніку якіх на волю выйшла каля 400 чалавек.

Апошняе памілаванне палітвязняў адбылося 24 верасня 2026 года: Лукашэнка падпісаў указ аб памілаванні 15 асуджаных, 13 з іх улады аднеслі да тых, хто ўчыніў “злачынствы экстрэмісцкай накіраванасці”.

“Большасць памілаваных — жанчыны (10 чалавек)”, — адзначала прэс-служба Лукашэнкі.

Палітык увесь час падкрэслівае асаблівае гуманнае стаўленне да жанчын у Беларусі, а таксама сцвярджае, што з жанчынамі не воюет.

Аднак на гэтым фоне на 1 сакавіка 2025 года ў беларускіх турмах знаходзіліся 154 жанчыны-палітзняволеныя, а на 8 сакавіка 2026 года — ужо 164 жанчыны-палітзняволеныя. З 2020 года па палітычна матываваных крымінальных справах было асуджана 1.917 жанчын, у тым ліку 469 — да пазбаўлення волі. Крымінальнаму пераследу падвергнулася 40 шматдзетных маці, 82 жанчыны пенсійнага ўзросту і 62 жанчыны з сур’ёзнымі праблемамі здароўя. Не менш за 15 жанчын, якія знаходзіліся ў зняволенні, мелі сур’ёзныя праблемы са здароўем. Акрамя таго, 58 жанчын было асуджана завочна, 38 — прымусова выправаджана з Беларусі.

На 28 кастрычніка ў Беларусі 884 чалавекі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Падзяліцца: