Мінск 17:33

Латушка: Няма бачных прычын для змены палітыкі ЕС у дачыненні да Лукашэнкі

Фота: "Позірк"

28 кастрычніка, Позірк. Пра адсутнасць “бачных прычын” для змены палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі заявіў намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) Павел Латушка, каментуючы адкрыты ліст групы былых беларускіх палітвязняў да кіраўніцтва ЕС і асобных еўрапейскіх краін.

Прычынай гэтага палітык назваў рэпрэсіі, якія працягваюцца, “гібрыдную агрэсію” супраць краін ЕС і падтрымку расійскага ваеннага ўварвання ва Украіну.

“Зварот былых палітычных зняволеных з заклікам вызваліць тых, хто застаецца ў турмах, і спыніць рэпрэсіі мае важнае значэнне”, — адзначыў Латушка.

Паводле яго слоў, ацэнкі сітуацыі і неабходныя крокі, выкладзеныя ў звароце, шмат у чым супадаюць са стратэгіяй, якой ідуць АПК і Каардынацыйная рада.

“Мы ніколі не забывалі і не маем права забываць пра лёсы людзей, якія пакутуюць ад рэпрэсіўнай палітыкі рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым неабходна ясна разумець: адказнасць за тое, што адбываецца, нясе выключна рэжым. Не Еўрапейскі саюз, не Злучаныя Штаты Амерыкі, а менавіта дыктатар Лукашэнка, які захапіў уладу ў краіне і пераследуе любое іншадумства”, — заявіў палітык.

Латушка падкрэсліў, што вызваленне людзей застаецца яго прыярытэтам, аднак стратэгічная мэта дэмакратычных сіл заключаецца ў дасягненні сістэмных зменаў у Беларусі.

“У сувязі з гэтым неабходна комплексна дамагацца наступнага”, — адзначыў ён, пералічыўшы 10 кірункаў працы:

1. спыненне рэпрэсій і вызваленне ўсіх палітвязняў;

2. свабоднае вяртанне беларускіх эмігрантаў, актывістаў і палітыкаў з прадастаўленнем гарантый бяспекі;

3. дэкрыміналізацыя палітычнай і грамадзянскай дзейнасці, уключаючы дзейнасць палітычных партый і няўрадавых арганізацый у Беларусі;

4. дэкрыміналізацыя дзейнасці незалежных СМІ ў Беларусі;

5. змена палітычна матываванай крымінальнай правапрымяняльнай практыкі ў дачыненні да палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці;

6. адмена нарматыўных актаў, якія абмяжоўваюць правы беларусаў за мяжой, і ліквідацыя звязаных з імі абмежаванняў у сферы пашпартных паслуг, здзяйснення натарыяльных дзеянняў і ўдзелу ў галасаванні за мяжой;

7. правядзенне круглага стала з дэмакратычнымі сіламі;

8. спыненне ўдзелу Беларусі ў вайне і падтрымкі агрэсіўных дзеянняў Расіі;

9. рэабілітацыя незаконна асуджаных і асоб, якія падвергліся рэпрэсіям, а таксама адмена ўсіх палітычна матываваных рашэнняў па крымінальных і адміністрацыйных справах;

10. вяртанне канфіскаванай і арыштаванай маёмасці.

Латушка назваў дзеянні беларускіх уладаў “самымі маштабнымі транснацыянальнымі рэпрэсіямі ў Еўропе ў XXI стагоддзі супраць еўрапейскага беларускага народа”.

Ён таксама звярнуў увагу на спробы дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай і грамадскай сітуацыі ў ЕС, масавыя спробы вярбоўкі грамадзян Беларусі на тэрыторыі дзяржаў Еўрасаюза, а таксама дыверсіі і сабатаж, якія здзяйсняюцца, паводле яго сцвярджэння, пры падтрымцы беларускіх спецслужбаў.

Латушка нагадаў, што санкцыі ўведзеныя на розных падставах: за парушэнні правоў чалавека, “гібрыдную агрэсію” супраць ЕС, “захоп грамадзянскага самалёта” і падтрымку расійскай агрэсіі супраць Украіны.

“Знайсці простае рашэнне ў гэтай сітуацыі складана. Самым прамым выхадам стала б змена палітыкі самім Лукашэнкам. А для таго, каб гэта адбылося, ён і далей павінен адчуваць магутны ціск і разумець, што раскалоць Еўрапейскі саюз не атрымаецца”, — падкрэсліў ён.

На думку Латушкі, Еўрасаюзу неабходна прытрымлівацца “выверанай, моцнай і агульнай пазіцыі па Беларусі”.

“Адначасова вельмі важная цесная, інстытуцыянальная каардынацыя ЕС з дэмакратычнымі сіламі, нашымі інстытутамі і арганізацыямі грамадзянскай супольнасці. Неабходная адзіная, скаардынаваная пазіцыя ЕС і дэмакратычных сіл”, — сказаў палітык.

Ён заявіў, што дэмсілы павінны быць “паўнапраўнымі ўдзельнікамі” любых кантактаў з беларускімі ўладамі, якія тычацца будучыні краіны.

“Сёння, звяртаючыся да нашых еўрапейскіх партнёраў, я падкрэсліваю: калі Лукашэнка грукаецца ў вашы дзверы, адказвайце адзіным голасам — хай пачынае дыялог з грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі сіламі. Мы, беларусы, суб’ект, а не аб’ект. Нічога пра Беларусь і беларусаў — без беларусаў”, — адзначыў Латушка.

Палітык мяркуе, што “ў бліжэйшыя месяцы можа адкрыцца акно магчымасцяў у сувязі з падыходамі да перамоваў па Украіне, што цяпер актыўна абмяркоўваецца”. І тут, дадаў ён, “важна адкрыць акно магчымасцяў для сітуацыі ў Беларусі”.

Паводле яго слоў, дэмсілам “стратэгічна важна ўжо цяпер дамагацца ўключэння беларускага пытання ў парадак дня”. “Размовы пра мір ва Украіне могуць стварыць перадумовы для вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, з адначасовым прыпыненнем рэпрэсій, так і могуць быць рычагом для дасягнення больш глыбокіх зменаў у нашай краіне”, — удакладніў палітык.

“Перад намі стаіць каласальны выклік: ці апынемся мы пад сталом перамоваў, на стале, дзе нас будуць дзяліць, або за сталом — як удзельнікі? Хто будзе прадстаўляць нашы інтарэсы? Хто стане нашымі саюзнікамі? Безумоўна, такімі саюзнікамі могуць быць Еўрапейскі саюз, Украіна і, спадзяюся, ЗША”, — рэзюмаваў Латушка.

У звароце былых палітвязняў, пра які стала вядома 26 кастрычніка, аўтары і тыя, хто далучыўся пазней, просяць еўрапейскіх палітыкаў выкарыстоўваць для вызвалення палітвязняў “усе даступныя сродкі: дыпламатычныя каналы, перамоўныя фарматы, ціск і стымулы, публічную і закрытую працу”.

Утрымліваецца заклік зрабіць вызваленне людзей і спыненне рэпрэсій “пастаянным пунктам парадку дня ў любым кантакце з Мінскам і ў любых размовах пра будучыню адносін з Беларуссю”, “прыярытэтам еўрапейскай палітыкі”.

Сярод тых, хто падпісаў ліст (усяго на раніцу 28 кастрычніка было больш за 120 чалавек), муж беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Сяргей Ціханоўскі, прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта на выбарах-2020 Віктар Бабарыка, член каманд Бабарыкі (да яго арышту) і Ціханоўскай Марыя Калеснікава, былыя кіраўнікі разгромленага ўладамі папулярнага партала tut.by Людміла Чэкіна і Марына Золатава, медыяменеджар Андрэй Аляксандраў, юрыст Максім Знак, праваабаронцы Анастасія Лойка і Марфа Рабкова, а таксама Аляксандр Фядута і многія іншыя публічныя персоны.

Заява выклікала публічныя спрэчкі паміж былымі палітвязнямі. Сярод падпісантаў, у прыватнасці, няма лаўрэата Нобелеўскай прэміі міру Алеся Бяляцкага, старшыні партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя Паўла Севярынца, актывістаў Мікалая Дзядка, Эдуарда Пальчыса і інш.

З крытыкай адкрытага ліста выступіў таксама палітык Мікалай Статкевіч.

Падзяліцца: