Мінск 12:49

Ірландыя занепакоеная гвалтам над асуджанымі жанчынамі ў Беларусі

Хелен Макінці (злева) і Святлана Ціханоўская
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

29 кастрычніка, Позірк. Парушэнні, якія закранаюць жанчын, у тым ліку гендарна абумоўленыя формы гвалту ў месцах зняволення, а таксама спробы запалохваць і прымушаць замаўчаць беларускіх жанчын у эміграцыі выклікаюць у Ірландыі асаблівую занепакоенасць. Пра гэта паведаміла ірландскае знешнепалітычнае ведамства па выніках перамоў міністра замежных спраў і знешняга гандлю Хелен Макінці і кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Святланаы Ціханоўскай у Дубліне 28 кастрычніка.

Макінці адзначыла рэпрэсіі, якія працягвае рэжым Аляксандра Лукашэнкі, агульнае становішча палітвязняў і неабходнасць міжнароднай увагі да парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі. Бакі абмеркавалі таксама вайну Расіі супраць Украіны, рост мілітарызацыі Беларусі, падтрымку беларускай грамадзянскай супольнасці, палітвязняў і дэмакратычных сіл, а таксама наступствы таго, што адбываецца, для еўрапейскай бяспекі.

Міністр заявіла, што Ірландыя працягне падтрымліваць імкненне беларусаў да мірнай, дэмакратычнай і суверэннай будучыні. Яна пацвердзіла гатоўнасць краіны супрацоўнічаць з міжнароднымі партнёрамі для прыцягнення ўвагі да парушэнняў і іх пераадолення. Макінці падкрэсліла, што свабодная, дэмакратычная і суверэнная Беларусь магла б зрабіць важны ўнёсак ва ўмацаванне міру, стабільнасці і бяспекі ў Еўропе.

Паводле слоў міністра, сувязі паміж дзвюма краінамі ўмацоўваліся дзякуючы ірландскім сем’ям, якія прымалі беларускіх дзяцей у рамках чарнобыльскай праграмы, і асабістым кантактам, што складваліся на працягу многіх гадоў. Адзначаецца, што Ціханоўская, якая пражывала на забруджанай радыёнуклідамі тэрыторыі, у юнацтве жыла ў графстве Тыпэрэры.

Бакі дамовіліся развіваць культурныя сувязі і прамыя кантакты паміж жыхарамі Ірландыі і Беларусі, абапіраючыся на вынікі канферэнцыі “Ірландыя і Беларусь: нацыянальная і культурная ідэнтычнасць“, якая прайшла 27 кастрычніка і на якой выступіла Ціханоўская.

Яе прэс-служба паведаміла, што адной з тэм перамоваў з Макінці была праблема пратэрмінаваных беларускіх пашпартоў (згодна з указам Лукашэнкі ад 4 верасня 2023 года, новыя нельга замовіць і атрымаць у амбасадах).

У рамках візіту ў Ірландыю Ціханоўская абмеркавала перспектывы еўрапейскай будучыні Беларусі, сітуацыю з палітвязнямі і рэгіянальную бяспеку з прэм’ер-міністрам Міхолам О’Марцінам.

На сустрэчы, як паведаміла прэс-служба Ціханоўскай, бакі закранулі шырокі спектр пытанняў, у т.л. унутраную сітуацыю ў Беларусі, рэпрэсіі і ўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскай вайсковай агрэсіі супраць Украіны. Была падкрэсленая важнасць каардынацыі дзеянняў беларускіх дэмсілаў з афіцыйным Кіевам і ўлічванне “беларускага пытання“ падчас будучых мірных перамоваў.

У якасці палітыка Ціханоўская наведвала Ірландыю ў 2021 і 2023 гадах.

Гл. таксама:

Спецдакладчык ААН: Рэпрэсіі ў Беларусі ўсё больш пераплятаюцца з гендарнай дыскрымінацыяй

Падзяліцца: