Мінск 10:16

Амбасадар Беларусі ў Егіпце ўручыў даверчыя граматы генсеку Лігі арабскіх дзяржаў

29 кастрычніка, Позірк. Аб уручэнні амбасадарам Беларусі ў Егіпце Яўгенам Сабалеўскім даверчых грамат “прызначанаму генеральнаму сакратару Лігі арабскіх дзяржаў (ЛАГ)“ Набілю Фахмі паведаміла прэс-служба МЗС Беларусі.

Бакі абмеркавалі “перспектыўныя напрамкі супрацоўніцтва Беларусі з ЛАГ і яе спецыялізаванымі арганізацыямі, уключаючы правядзенне сумесных мерапрыемстваў у бліжэйшай перспектыве“, “станоўча ацанілі дынаміку ўзаемадзеяння Беларусі з арабскімі краінамі і падкрэслілі блізкасць падыходаў <…> да выбудоўвання супрацоўніцтва на аснове прынцыпаў узаемнай павагі і добрасуседства“.

Сабалеўскі быў прызначаны амбасадарам у Каіры і пастаянным прадстаўніком пры ЛАГ 30 чэрвеня 2025 года.

Фахмі прыступіў да выканання абавязкаў генеральнага сакратара ЛАГ 1 ліпеня 2026-га, змяніўшы Ахмеда Абу аль-Гейта, які займаў гэтую пасаду на працягу 10 гадоў.

Сёлета ў ліпені Беларусь наведвала дэлегацыя Арабскага парламента (АП) на чале з яго старшынёй Мухамедам Ахмедам аль-Ямахі.

Згаданы парламент з’яўляецца заканадаўчым і кансультатыўным органам ЛАГ і складаецца з 88 членаў — па чатыры ад кожнай з 22 краін аб’яднання.

Падчас візіту быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж Нацыянальным сходам Беларусі і АП, яго кіраўніка прыняў Аляксандр Лукашэнка.

ЛАГ — рэгіянальная міжурадавая арганізацыя. Створана ў Каіры 22 сакавіка 1945 года, там жа знаходзіцца яе штаб-кватэра. Заснавальнікі — Егіпет, Ірак, Ліван, Саудаўская Аравія, Сірыя, Іарданія і Емен.

Зараз у складзе аб’яднання 22 дзяржавы.

Падзяліцца: