Мінск 10:37

Рыжанкоў запрасіў прэм’ер-міністра В’етнама ў Беларусь

29 кастрычніка, Позірк. Запрашэнне наведаць Беларусь перадаў міністр замежных спраў Максім Рыжанкоў прэм’ер-міністру Вьтенама Ле Мінь Хынгу на сустрэчы з ім у Ханоі 28 кастрычніка.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Беларусі, бакі адзначылі “развіццё супрацоўніцтва на абаронным і адукацыйным трэках“. Яны “сышліся ў меркаванні, што патэнцыял экстэнсіўнага росту тавараабароту ўжо вычэрпваецца — неабходны пераход да кааперацыі ў рамках сумесных праектаў, сярод якіх вытворчасць малочнай прадукцыі з беларускай сыравіны, зборка трактароў і стварэнне гандлёвых дамоў з выставачнымі і інвестыцыйнымі функцыямі ў абедзвюх краінах“.

Мінск і Ханой рыхтуюць дарожную карту супрацоўніцтва на 2027-2029 гады.

Па выніках перамоў кіраўніка Рыжанкова з міністрам замежных спраў В’етнама Ле Хоай Чунгам падпісаны двухгадовы план узаемадзеяння ведамстваў.

Бакі заявілі аб “супадзенні пазіцый па ключавых пытаннях міжнароднага парадку”, Рыжанкоў падзякаваў калегу за падтрымку ў міжнародных арганізацыях.

У эканамічнай сферы адзначаны “рост тавараабароту і пашырэнне наменклатуры ўзаемных паставак”.

Міністры заявілі пра намер дыверсіфікаваць гандаль і павысіць узровень лакалізацыі зборачных вытворчасцяў. Ле Хоай Чунг папрасіў Беларусь садзейнічаць удасканаленню механізмаў гандлю В’етнама з ЕАЭС.

2 верасня 2026 года Аляксандр Лукашэнка ў віншаванні кіраўніку Кампартыі В’етнама, прэзідэнту То Ламу з Днём незалежнасці заявіў аб неабходнасці распрацаваць дарожную карту развіцця супрацоўніцтва з Ханоем.

Дыпламатычныя стасункі паміж краінамі ўстаноўленыя ў студзені 1992 года. Генеральныя сакратары ЦК Камуністычнай партыі В’етнама наведвалі Беларусь у 2002, 2014 і 2025 гадах.

Лукашэнка наносіў афіцыйныя візіты ў В’етнам у 1997, 2008 і 2015 гадах, адзначаецца на сайце беларускай амбасады. У жніўні 1998 года, у траўні 2010-га і ў чэрвені 2017 года Беларусь наведвалі прэзідэнты СРВ Чан Дык Лыонг, Нгуен Мінь Чыет і Чан Дай Куанг адпаведна“.

Звесткі аб узаемным тавараабароце Мінск не публікуе. Краінавыя паказчыкі Белстат засакрэціў у 2022 годзе.

Падзяліцца: