Павераны ў справах Італіі ўручыў копіі даверчых грамат намесніку кіраўніка МЗС Сякрэце

21 кастрычніка, Позірк. Павераны ў справах Італіі Кармела Фікарра ўручыў 21 кастрычніка копіі даверчых грамат намесніку міністра замежных спраў Ігару Сякрэце, паведамляе прэс-служба знешнепалітычнага ведамства.
Адзначаецца, што бакі “абмеркавалі стан і перспектывы беларуска-італьянскіх адносін, а таксама абмяняліся думкамі аб актуальных тэмах міжнароднага парадку дня”.
Паводле афіцыйна біяграфіі на сайце МЗС Італіі, Кармела Фікарра — дыпламат, выпускнік рымскага ўніверсітэта LUISS, які працуе ў сістэме МЗС Італіі з 2002 года. У розныя гады служыў у Расіі, Іраку, Іракскім Курдыстане і Іране. У 2022 годзе ўзначаліў генеральнае консульства Італіі ў Ганконгу.
Фікарра стаў трэцім дыпламатам з краін Заходняй Еўропы, акрэдытаваным у Беларусі ў якасці пастаяннага (не часовага) паверанага ў справах. Першай з’яўляецца павераная ў справах Германіі ў Беларусі Катрын аўс дэм Зіпен, якая ўручыла даверчыя граматы міністру замежных спраз Максіму Рыжанкову летась 19 лістапада. Другім стаў павераны ў справах Злучанага Каралеўства Вялікабрытаніі і Паўночнай Ірландыі ў Беларусі Уільям Лангхёрст, які ўручыў даверчыя граматы Рыжанкову сёлета 31 ліпеня.
Як член ЕС Італія выконвае ўсе ўведзеныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, за што Мінск унёс яе ў спіс “недружалюбных дзяржаў”. Амбасады абедзвюх краін узначальваюцца на ўзроўні павераных у справах, афіцыйныя кантакты зведзены да мінімуму.
На сайце беларускай амбасады ў Рыме адзначаецца, што “Італія традыцыйна ўваходзіць у лік важных гандлёвых партнёраў Беларусі, хоць санкцыйная палітыка ЕС аказала негатыўны ўплыў на стан двухбаковага гандлю”. Пры гэтым звестак аб двухбаковым тавараабароце не прыводзіцца.
9–10 сакавіка гэтага года Рым наведвала беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская. Тады яе прэс-служба паведамляла, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Антоніа Таяні былі абмеркаваныя пытанні палітычнай падтрымкі дэмакратычных сіл, супрацоўніцтва ў міжнародных арганізацыях і кантакты ў сферах G7 (“Вялікая сямёрка”). Таксама падымаліся гуманітарныя пытанні — падтрымка ахвяр рэпрэсій у Беларусі, праблемы беларусаў у Італіі, інш.
Даведка “Позірку”
Пастаянны павераны ў справах акрэдытуецца пры Міністэрстве замежных спраў дзяржавы, якая прымае. Свае даверчыя граматы, падпісаныя міністрам замежных спраў акрэдытуючай дзяржавы, ён уручае міністру замежных спраў дзяржавы знаходжання, у адрозненне ад амбасадара або пасланца, у якога граматы падпісаныя кіраўніком акрэдытуючай дзяржавы і ўручаюцца кіраўніку дзяржавы знаходжання. Да прызначэння павераных у справах часам звяртаюцца ў палітычна чуллівых сітуацыях, напрыклад, калі існуюць праблемы ў міждзяржаўных стасунках і пажадана пазбегнуць неабходнасці афіцыйных сустрэч з кіраўніком дзяржавы, каб гэта не ўспрымалася як нейкая падтрымка яму.
Пасля падзей 2020 года ўсе дыпламатычныя місіі краін ЕС у Беларусі, акрамя прызначыўшых амбасадараў Венгрыі і Славакіі (падтрымліваюць афіцыйныя кантакты з Мінскім і маскоўскім рэжымамі), узначальваюцца паверанымі ў справах. Гэта дазваляе не ўручаць даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку, якога дэмакратычныя краіны Еўропы не прызнаюць законным прэзідэнтам.

- Грамадства
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 21 кастрычніка 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- ГрамадстваЗ пачатку года ў маніторынгавы цэнтр праўладнай ФПБ паступіла 80 скаргаў работнікаўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала спробы парушэння мяжы з боку Беларусі пасля 34 дзён спакою, Літва — пасля 17 (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка

