Пагрозы некаторых палітыкаў выкарыстоўваць “пэўныя механізмы” ціску на журналістаў недапушчальныя — заява

29 верасня, Позірк. “Пагрозы выкарыстоўваць пэўныя механізмы ціску, у тым ліку датычныя бяспекі журналістаў, — гэта спроба цэнзуры, што недапушчальна”. Пра гэта гаворыцца ў сумеснай заяве Беларускай асацыяцыі журналістаў, “Прэс-клуба“, фонду “Свабодная прэса для Усходняй Еўропы“ і Беларускага ПЭНа.
Падставай для яе прыняцця сталі “жорсткія заўвагі ў адрас беларускіх незалежных медыя і прапановы фактычна ўзяць іх пад кантроль” з боку “некалькіх беларускіх палітыкаў і грамадскіх дзеячаў”.
Як адзначаецца ў дакуменце, беларускія незалежныя СМІ “дзесяцігоддзямі сутыкаюцца і з абвінавачваннямі ў ангажаванасці, і са спробамі ціску”. Акрамя беларускіх уладаў пра гэта часам кажуць і “палітыкі быццам бы дэмакратычнага кірунку”, на думку якіх, “журналісты пішуць не тое і не так”.
“Даходзіць да недарэчных заяў пра нібыта “напампоўку незалежных СМІ грашыма”, і такія сцвярджэнні цалкам скажаюць рэчаіснасць, — мяркуюць аўтары. — Незалежныя медыі сёння працуюць ва ўмовах жорсткага дэфіцыту рэсурсаў, іх бюджэты зусім несупастаўныя з тымі, якія маюць праўладныя прапагандысты. І тым не менш ахоп і ўплыў незалежных медыя ў Беларусі застаюцца значнымі. Пра гэта сведчаць мільёны наведвальнікаў відэаплатформаў, сайтаў і сацыяльных сетак”.
Больш за тое, “зусім безадказна” гучаць заклікі дэананімізаваць журналістаў незалежных медыя ці нават пікетаваць рэдакцыі. “Усе супрацоўнікі медыя сутыкаюцца з вялізнымі рызыкамі праз сваю працу ў сувязі з прызнаннем рэдакцый СМІ “экстрэмісцкімі фарміраваннямі” і крымінальным пераследам за супрацоўніцтва з імі. Ціск на сваякоў, арышты маёмасці, завочныя крымінальныя справы і прысуды, абвяшчэнне ў міждзяржаўны вышук — гэта толькі частка формаў транснацыянальнага пераследу, якому падвяргаюцца журналісты”, — сказана ў дакуменце.
Паводле звестак БАЖ, з крымінальным вышукам ужо сутыкнулася больш за 100 беларускіх журналістаў у выгнанні, таму катаванні дэананімізацыі “толькі палегчаць працу беларускага рэпрэсіўнага апарата”.
Разам з тым, лічаць аўтары, незалежныя СМІ “не могуць быць вызваленыя ад крытыкі, адказнасці за памылкі або ад патрабаванняў да якасці і фінансавай празрыстасці”. Аднак ніякая крытыка”не можа служыць апраўданнем для палітычнага ціску, пагроз, дэананімізацыі журналістаў, дыскрэдытацыі ўсяго незалежнага медыясектара або спробаў падпарадкаваць яго палітычнаму кантролю”.
У заяве нагадваецца, што, паводле стандартаў свабоды слова, дапушчальныя межы крытыкі ў дачыненні да палітыкаў і грамадскіх дзеячаў “шырэй, чым у дачыненні да прыватных асобаў”.
“Стандарт свабоды слова абараняе не толькі крытыку ў адрас такіх асоб, але і пэўную ступень рэзкасці, перабольшання, правакацыйнасці і нават раздражняльнай формы яе падачы. Выказваць незадаволенасць такімі публікацыямі — права кожнага чалавека. Аднак пагрозы <…> недапушчальныя”, — падкрэсліваецца ў дакуменце.
Адзначаецца, што менавіта захаванне беларускімі незалежнымі СМІ міжнародных прафесійных стандартаў “дазваляе захоўваць давер аўдыторыі і пашыраць яе”.
Аўтары заявы, выказаўшы падтрымку незалежным СМІ і журналістам, заклікалі дэмакратычных палітыкаў і актывістаў “з павагай ставіцца да іх дзейнасці, накіраванай на ўсталяванне свабоды меркаванняў і іх выказвання ў Беларусі”.
Раней за скарачэнне фінансавання незалежных беларускіх СМІ ў выгнанні выказаўся прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі.
3 верасня на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” ён апублікаваў артыкул “Ціханоўскі і Паражня”, у якім заклікаў журналістаў як чацвёртую ўладу да адказнасці. Ён папракнуў СМІ ў страце аб’ектыўнасці пры падачы інфармацыі, а таксама самаасобным вызначэнні, што “важна ці ўсё роўна для аўдыторыі“.
У той жа час галоўны дарадца дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка заявіў журналістам, што “афіцыйная пазыцыя ўсіх інстытутаў дэмакратычных сілаў у падтрымку незалежных мэдыя застаецца непахіснай і зафіксаваная ў апошняй сумеснай рэзалюцыі. Усё астатняе — меркаванні асобных людзей”.

- Грамадства, Палітыка
- Навіны Германіі, Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПастаўка падсанкцыйных тавараў у Расію з афармленнем у Беларусі можа быць выгаднай — расследаванне БРЦМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Эканоміка
- АнонсыАнонсы падзей на 29 верасня — 29 лістапада 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 26–28 верасня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства


