Мінск 16:53

Ціханоўская: Вызваленне палітвязняў павінна суправаджацца спыненнем рэпрэсій

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

25 кастрычніка, Позірк. Прэс-служба дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай паведаміла пра яе ўдзел 25 кастрычніка ў фестывалі “Гульні свабоды” (Igrzyska Wolności) у Лодзі (Польшча).

Адзначаецца, што “ў размове з журналісткай Агнешкай Ліхнеровіч і гасцямі фестывалю Ціханоўская абмеркавала вызваленне палітвязняў, падтрымку беларусаў і адносіны з Польшчай”.

Палітык падкрэсліла, што “вызваленне людзей павінна суправаджацца спыненнем рэпрэсій: новыя арышты не могуць станавіцца спосабам дамагацца чарговых саступак”.

Таксама гаворка ішла пра “незалежнасць Беларусі і яе значэнне для бяспекі рэгіёну”.

“Асобна закранулі штодзённыя цяжкасці беларусаў у Польшчы — праблемы з дакументамі і банкаўскімі рахункамі, а таксама захаванне беларускай культуры”, — гаворыцца ў паведамленні.

Сярод іншага Ціханоўская паведаміла, “чаму навучылася за шэсць гадоў у палітыцы, і ўзгадала адну са сваіх першых міжнародных сустрэч”.

“Безумоўна, для мяне гэтыя шэсць гадоў былі як універсітэт, і мне давялося з нуля вывучаць палітыку. Магчыма, мне пашанцавала, таму што ў мяне былі лепшыя настаўнікі ў свеце. Маімі настаўнікамі былі прэзідэнты, прэм’ер-міністры, міністры замежных спраў, лепшыя дыпламаты. І, ведаеце, я ўсвядоміла, што ўсе палітыкі — таксама звычайныя людзі”, — сказала яна.

“Я памятаю, як першы раз сустрэлася з прэм’ер-міністрам Тускам — на той момант ён не быў прэм’ер-міністрам, — дадала Ціханоўская. — Я сустрэла яго ў офісе Еўрапейскай народнай партыі, і ён быў такім чалавечным! Я тады так спалохалася, не ведала, як паводзіць сябе… Гэта быў абсалютна невядомы свет палітыкі. Мяне проста кінулі ў гэты акіян і сказалі: плыві. І я памятаю дабрыню Дональда Туска, і гэта натхніла мяне быць больш упэўненай у сабе”.

“Гульні свабоды” арганізуе польскі фонд Liberte. Фестываль праводзіцца штогод з 2014 года ў Лодзі. Ён збірае палітыкаў, журналістаў, даследчыкаў і дзеячаў культуры для дыскусій аб дэмакратыі і будучыні грамадства.

Вызваленне палітвязняў у Беларусі ажыццяўляецца сярод іншага ў выніку перамоваў прадстаўнікоў ЗША з Аляксандрам Лукашэнкам.

Раней паведамлялася пра пяць публічных сустрэч спецпрадстаўніка прэзідэнта ЗША па Беларусі Джона Коўла з Лукашэнкам ў Мінску, пасля якіх на волю выйшла агулам 464 чалавекі (21 чэрвеня 2025 года — 14, 11 верасня — 52, 12–13 снежня — 123, 19 сакавіка 2026 года — 250, 15–16 верасня — 25). Разам з тым са слоў самога амерыканскага дыпламата вядома, што ён сустракаўся з Лукашэнкам у беларускай сталіцы яшчэ ў канцы красавіка. У рамках перамоўнага працэсу ЗША саслабляюць санкцыі ў дачыненні да Мінска.

Пры гэтым палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Падзяліцца: