Мінск 13:31

У Мінскай вобласці ад удару токам загінула 21 карова — галоўны энергетык прадпрыемства паўстане перад судом

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Мінсельгасхарча

3 верасня, Позірк. У суд накіраваная крымінальная справа ў дачыненні да галоўнага энергетыка аднаго з сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, паведаміла 3 верасня прэс-служба Генеральнай пракуратуры са спасылкай на службу інфармацыі пракуратуры Мінскай вобласці.

Заяўлена, што ў красавіку 2025 года ў адным з хлявоў малочна-таварнай фермы Любанскага раёна ад паражэння электрычным токам загінула 21 карова.

Прычынай здарэння, паводле інфармацыі нагляднага органа, сталі парушэнні пры эксплуатацыі электраабсталявання, якія дапусціў галоўны энергетык прадпрыемства. У прыватнасці, электраабсталяванне і ланцугі яго сілкавання ў адным з хлявоў эксплуатаваліся без ахоўнага адключэння і зазямлення, што, паводле версіі следства, “стварыла ўмовы для ўзнікнення аварыйнай сітуацыі”.

Сельгаспрадпрыемству нанесеная шкода на суму, якая перавышае 55 тыс. рублёў, што адносіцца да “асабліва буйнога памеру”.

Крымінальную справу расследаваў Любанскі раённы аддзел Следчага камітэта. Раённая пракуратура пасля вывучэння матэрыялаў пацвердзіла правільнасць кваліфікацыі дзеянняў спецыяліста — ч. 1 арт. 428 КК (службовая халатнасць).

У адпаведнасці з санкцыямі артыкула “невыкананне або неналежнае выкананне службовай асобай сваіх службовых абавязкаў у выніку нядобрасумленнага або нядбайнага стаўлення да службы, якія пацягнулі з неасцярожнасці нанясенне шкоды дзяржаўнай маёмасці ў асабліва буйным памеры”, караюцца абмежаваннем волі на тэрмін ад 2 да 5 гадоў або пазбаўленнем волі на тэрмін да 5 гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Абвінавачаны застаецца пад падпіскай аб нявыездзе і належных паводзінах.

Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (БРЖ; каровы, быкі ды інш.) на 1 жніўня 2026 года склала 3.831.054 галавы — на 3,4% менш, чым на аналагічную дату 2025-га (3.965.614), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Паводле аналізу “Позірку”, скарачэнне пагалоўя БРЖ адзначаецца ад пачатку 2019 года, калі ў краіне налічвалася 4 млн 336,7 тыс. галоў. На пачатак 2020 года іх было 4 млн 290,8 тыс., 2021-га — 4 млн 287,7 тыс., 2022-га — 4 млн 232,4 тыс., 2023-га — 4 млн 209,3 тыс., 2024-га — 4 млн 197,1 тыс., 2025-га — 4 млн 97,9 тыс.

На нарадзе па асобных пытаннях сацыяльна-эканамічнага развіцця Віцебскай вобласці 3 лютага Аляксандр Лукашэнка сярод іншага заявіў, што праблема падзяжу жывёлы ў Беларусі не вырашаная і яна “ўласцівая не толькі Віцебскай вобласці”.

“Чаму я кажу пра падзеж? Гэта ж маральнае калецтва, калі мы не можам абараніць, асабліва ў гэтае цяжкае надвор’е, братоў нашых меншых. Як можна не абараніць кацяня, парася, цяля, сабачку?!” — сказаў прамоўца.

Падзяліцца: