Мінск 13:30

Ціханоўская заклікала Літву зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў падчас старшынства ў Савеце ЕС

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

3 верасня, Позірк. Зрабіць Беларусь “адным з прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня” падчас старшынства Літвы ў Савеце Еўрапейскага саюза заклікала дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская 3 верасня ў Вільнюсе на сустрэчы са спікерам літоўскага Сейма Юозасам Олекасам.

Як паведамляе прэс-служба беларускага палітыка, у сустрэчы таксама ўзялі ўдзел дэпутаты групы “За дэмакратычную Беларусь” і прадстаўнікі большасці палітычных партыяў. З беларускага боку ўдзельнічалі дарадцы Ціханоўскай — Франак Вячорка, Дзяніс Кучынскі і Анатоль Лябедзька.

Ключавымі тэмамі сустрэчы былі падрыхтоўка да вызваленняў палітвязняў; магчымасць абмену беларускіх правоў кіроўцы без дадатковых іспытаў для тых, хто мае гуманітарны ДНЖ (па прыкладзе Польшчы) і правядзенне іспытаў на беларускай мове; вяртанне Беларусі ў спіс краін, грамадзяне якіх могуць атрымліваць дзяржаўныя стыпендыі Літвы для навучання ў магістратуры, і аднаўленне гэтай магчымасці ў наборы на 2027 год; арганізацыя курсаў літоўскай мовы для беларусаў; сацыяльныя пытанні, сярод якіх падтрымка дзяцей з інваліднасцю; будучыня Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта і важнасць захавання доступу беларусаў да адукацыі.

Сцвярджаецца, што на сустрэчы была атрыманая “прынцыповая згода” на падпісанне мемарандума аб супрацы паміж дэмсіламі Беларусі і Сеймам Літвы, а таксама на арганізацыю і правядзенне пасяджэння Альянсу парламенцкіх груп “За дэмакратычную Беларусь” у Вільнюсе.

“Літва застаецца адным з найбольш надзейных палітычных сяброў дэмакратычнай Беларусі. Наша галоўная мэта — ператварыць гэтую падтрымку ў яшчэ больш трывалыя і канкрэтныя дзеянні для беларусаў”, — падсумавала Ціханоўская.

Літва будзе выконваць функцыі старшыні ў Савеце ЕС з 1 студзеня да 30 чэрвеня 2027 года.

Падзяліцца: