Мінск 14:13

Спікер Сейма Літвы не бачыць падстаў для змякчэння санкцый супраць Беларусі

Спікер Сейма Літвы Юозас Олекас
Архіўнае фота: "Позірк"

3 верасня, Позірк. Літва выступае за ўзмацненне санкцый супраць Беларусі, заявіў спікер Сейма гэтай балтыйскай краіны Юозас Олекас пасля сустрэчы з беларускім дэмакратычным лідарам Святланай Ціханоўскай, што адбылася 3 верасня.

“Мы прытрымліваемся пазіцыі, што санкцыі павінны быць узмоцненыя. Мы выступаем за вызваленне палітычных зняволеных”, — прыводзіць партал навін Delfi словы палітыка, які паразмаўляў з журналістамі ў парламенце.

Пры гэтым, паводле яго слоў, цяпер няма змен, якія дазволілі б Літве падтрымаць змякчэнне санкцый. “Мы не бачым змен, якія дазволілі б аслабіць санкцыі і меркаваць, што іх змякчэнне дасць яшчэ большы эфект з пункту гледжання дэмакратыі”, — адзначыў спікер.

Адначасова ён даў зразумець, што Літва разам з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі працягвае шукаць магчымасці для дыялогу з беларускімі ўладамі.

“Мне здаецца, што наша Міністэрства замежных спраў і на еўрапейскім узроўні, і нашы амерыканскія партнёры і саюзнікі пастаянна спрабуюць знайсці магчымасць для дыялогу”, — сказаў ён.

Паводле слоў спікера Сейма, такі дыялог неабходны, каб данесці да беларускіх уладаў думку пра існаванне “іншага шляху”.

“Існуе іншы шлях — адмовіцца ад рэпрэсій супраць уласнага народа і дазволіць людзям выказваць сваю пазіцыю”, — падкрэсліў Олекас.

Прэс-служба Святланы Ціханоўскай паведаміла, што на сустрэчы з Олекасам 3 верасня ў Вільнюсе яна заклікала зрабіць Беларусь “адным з прыярытэтаў еўрапейскага парадку дня” падчас старшынства Літвы ў Савеце Еўрапейскага саюза ў першым паўгоддзі 2027 года.

Прэм’ер-міністр Літвы Міндаўгас Сінкявічус 27 жніўня заявіў, што цяперашняя ацэнка паводзін беларускіх уладаў “не стварае падстаў для змены санкцыйнай палітыкі” ў дачыненні да Мінска.

Падзяліцца: