Мінск 18:54

З Польшчы выправаджаны беларус, які кіраваў гарадскім аўтобусам у стане ап’янення

2 верасня, Позірк. Пра выправаджэнне з Польшчы 49-гадовага грамадзяніна Беларусі, які раней кіраваў гарадскім аўтобусам у стане алкагольнага ап’янення, паведаміла прэс-служба Надбужанскага аддзела Памежнай аховы краіны.

Адзначаецца, што памежнікі “праверылі законнасць знаходжання беларуса і прыйшлі да высновы, што яго далейшае знаходжанне ў краіне з’яўляецца сур’ёзнай пагрозай бяспецы і грамадскаму парадку”.

Начальнік аддзялення службы ў Любліне ануляваў яго польскую нацыянальную візу і абавязаў вярнуцца ў Беларусь. Выпадак здарыўся ў г. Замосць.

Беларуса суправадзілі да памежнага пераходу і перадалі польскім памежным службам. Яму забаронены ўезд у Польшчу і ўсю Шэнгенскую зону на восем гадоў.

Як паведамлялася, каля 260 замежнікаў пакінула Польшчу па патрабаванні ўладаў з 24 па 30 жніўня. Тэрыторыю краіны добраахвотна пакінула 36 грамадзян Беларусі, Украіны — 39 добраахвотна і 37 прымусова, Грузіі — 15 добраахвотна і 10 прымусова, Калумбіі — 12 прымусова.

Падзяліцца: