Мінск 20:01

Ціханоўская заклікала дыпламатаў краін ЕС не змяншаць ціск на Лукашэнку да сістэмных зменаў у Беларусі

Ілюстрацыя: pixabay.com

2 верасня, Позірк. На неабходнасць захоўваць ціск на рэжым Лукашэнкі і рызыку далейшага ўцягвання Беларусі ў вайну Расіі супраць Украіны звярнула ўвагу дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская падчас брыфінгу для дыпламатаў 17 краін Еўрасаюза ў Вільнюсе.

Як паведамляе прэс-служба Аб“яднанага пераходнага кабінета, сустрэчу арганізавала амбасада Ірландыі.

Ціханоўская прадставіла вынікі канферэнцыі дэмсіл “Новая Беларусь”, якая адбылася ў жніўні ў Варшаве, распавяла пра працу па вызваленні палітвязняў і супрацоўніцтва з Украінай.

“Мы не павінны забываць, што <…> рэпрэсіі працягваюцца. Таму мы просім нашых еўрапейскіх партнёраў захаваць ціск і не змякчаць яго, пакуль мы не ўбачым сістэмных змен. Мы не павінны паддавацца шантажу Лукашэнкі ў адносінах да ЕС”, — адзначыла Ціханоўская.

Яна звярнула ўвагу дыпламатаў на сітуацыю ўнутры Беларусі, якая застаецца сур’ёзнай: “Прасторы для незалежнай палітычнай ці сацыяльнай дзейнасці амаль не засталося. Рэжым нацэльваецца амаль на ўсё незалежнае. Эканоміка стагнуе. Расійскія ваенныя кантракты — адзін з фактараў, якія падтрымліваюць яе ў жыцці. Але ж, нягледзячы на спробы рэжыму знішчыць усё жывое і незалежнае, падпольнае жыццё працягваецца. Яно адрастае зноў, як трава праз бетон”.

Падчас брыфінгу Ціханоўская паведаміла пра падрыхтоўку ірландска-беларускай канферэнцыі, прысвечанай нацыянальнай ідэнтычнасці, культуры і СМІ.

У сустрэчы ўзялі ўдзел прадстаўнікі Аўстрыі, Харватыі, Чэхіі, Даніі, Эстоніі, Фінляндыі, Францыі, Грэцыі, Венгрыі, Ірландыі, Італіі, Латвіі, Нідэрландаў, Польшчы, Румыніі, Іспаніі і Швецыі.

16 чэрвеня Ціханоўская правяла брыфінг для амбасадараў і іншых дыпламатаў з 29 краін у амбасадзе Італіі ў Варшаве.

19 сакавіка яна арганізавала нефармальны брыфінг з удзелам пастаянных прадстаўнікоў краін — членаў НАТО пры штаб-кватэры арганізацыі ў Брусэлі.

25 лютага яна сустрэлася на брыфінгу з кіраўнікамі дэлегацый у Савеце Еўропы. У мерапрыемстве, якое было арганізавана прадстаўніцтвам ЕС пры Савеце Еўропы сумесна з Польшчай, узяло ўдзел больш за 30 дыпламатаў.

Падзяліцца: