Мінск 12:29

Мінабароны паведаміла аб магчымым стварэнні фільма пра беларускіх дарадцаў, якія ўдзельнічалі ў В’етнамскай вайне

Фота: Мінабароны

23 верасня, Позірк. Мінск і Ханой абмяркоўваюць стварэнне сумеснага дакументальнага фільма пра беларускіх вайсковых дарадцаў, якія ўдзельнічалі ў В’етнамскай вайне ў 1965–1974 гадах. Пра гэта паведаміла прэс-служба Міністэрства абароны Беларусі па выніках сустрэчы ў Мінску кіраўніка ведамства Віктара Хрэніна з начальнікам Галоўнага палітычнага ўпраўлення В’етнамскай народнай арміі генералам Нгуенам Чонгам Нгіа.

Адзначаецца, што перамовы былі прысвечаныя бягучаму стану і перспектывам вайсковага супрацоўніцтва дзвюх краін. У беларускім ведамстве падкрэслілі яго “паслядоўны і сістэмны характар” з апорай “на гістарычныя сувязі і ўзаемную павагу”.

Бакі таксама абмеркавалі падрыхтоўку ваенных кадраў. Паведамляецца, што цяпер у Вайсковай акадэміі Беларусі праходзяць навучанне в’етнамскія курсанты, а в’етнамскія афіцэры завяршылі курсы павышэння кваліфікацыі. Беларускі бок пацвердзіў гатоўнасць ствараць неабходныя ўмовы для знаходжання і навучання вайскоўцаў з В’етнама.

Хрэнін пацвердзіў прыхільнасць Беларусі да “міралюбнай знешняй палітыкі” і “прынцыпу абароннай дастатковасці”, а таксама гатоўнасць развіваць раўнапраўны дыялог і супрацоўніцтва з зацікаўленымі дзяржавамі.

Нгуен Чонг Нгіа падзякаваў беларускаму міністру за прыём і падкрэсліў, што наведвае Беларусь ужо трэці раз і “адчувае сябе тут як дома”.

Паводле яго слоў, ва ўмовах “турбулентнай” міжнароднай абстаноўкі Беларусь “паспяхова развіваецца”, а супрацоўніцтва дзвюх краін па вайсковай лініі эфектыўна рэалізуецца.

22 верасня Нгуенг Чонг Нгіа правёў перамовы з памочнікам міністра абароны Беларусі па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах — начальнікам галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Мінабароны Леанідам Касінскім.

Паводле інфармацыі прэс-службы беларускага ваеннага ведамства, бакі абмеркавалі “новыя сродкі ідэалагічнай работы”, якія прымяняюцца ва УС, разгледзелі “сучасныя падыходы да арганізацыі ідэалагічнай працы не толькі ў войсках, але і ў грамадстве”.

Вайсковая дэлегацыя з В’етнама прыбыла ў Беларусь з афіцыйным візітам 21 верасня.

В’етнамскае выданне “Народная армія” паведамляла, што Нгуен Чонг Нгіа паслядоўна здзейсніць два візіты — у Беларусь і Алжыр — у адпаведнасці з “планамі супрацы на 2026 год з міністэрствамі абароны” гэтых краін. Мэтай паездак заяўленыя кантакты кіраўніцтва В’етнамскай народнай арміі з вайсковым кіраўніцтвам Беларусі і Алжыра, а таксама развіццё абароннай супрацы з кожнай з іх.

24 студзеня паведамлялася, што аташэ па пытаннях абароны В’етнама Као Нгок Ха акрэдытаваны пры Міністэрстве абароны Беларусі.

Летась у снежні В’етнам наведваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч. Падчас візіту чыноўнік заявіў, што супраца ў сферы бяспекі “стала сапраўдным драйверам беларуска-в’етнамскіх стасункаў, у тым ліку гандлёва-эканамічных”.

Вальфовіч і міністр грамадскай бяспекі В’етнама Лыонг Там Куанг падпісалі пратакол аб стварэнні сумеснай рабочай групы па пашырэнні і ўмацаванні супрацы ў сферы бяспекі.

Падзяліцца: