Мінск 15:10

СК распачаў крымінальную справу па факце гібелі матацыкліста ў Брэсце, абвінавачаны — 20-гадовы кіроўца “Мерседэса”

Ілюстрацыйнае фота: Генпракуратура

23 верасня, Позірк. Следчы камітэт паведаміў 23 верасня аб пачатку крымінальнай справы па факце гібелі матацыкліста ў ДТЗ у Брэсце.

Абвінавачванне прад’яўлена 20-гадоваму жыхару Брэсцкага раёна паводле ч. 2 арт. 317 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіруе транспартным сродкам, што пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека).

Паводле даных следства, абвінавачаны, кіруючы аўтамабілем “Мерседэс”, “пры павароце налева адцягнуў увагу на мабільны тэлефон і не саступіў дарогу сустрэчнаму матацыклу”. “Удар аказаўся смяротным — кіроўца мотатранспарту памёр на месцы ад атрыманых траўмаў”, — гаворыцца ў паведамленні.

СК адзначае, што ў рамках справы дапытаныя абвінавачаны і сведкі, праведзены шэраг экспертных даследаванняў, вывучаныя запісы з камер відэаназірання.

“Устаноўлена, што аўтамабіль меў тэхнічныя няспраўнасці — расколіны на шынах пярэдніх колаў. Матацыкліст рухаўся з перавышэннем хуткасці, аднак гэта не знаходзілася ў прычыннай сувязі з ДТЗ: нават пры 60 км/г ён не мог спыніцца да пункта сутыкнення”, — падкрэслівае ведамства.

Пра гібель матацыкліста ў Брэсце паведамлялася 24 ліпеня. УУС мясцовага аблвыканкама адзначала, што каля 20:00 гадзін 20-гадовы кіроўца аўтамабіля “Медседэс” рухаўся па вуліцы Леніна. На скрыжаванні з вуліцай Дзяржынскага “пры выкананні манеўру левага павароту” ён “не саступіў дарогу і здзейсніў сутыкненнем з матацыклам “Судзукі”, які рухаўся ў сустрэчным кірунку”.

Падзяліцца: