Шпакоўскі заявіў аб адпаведнасці стандартам у зоне яго адказнасці прайграных Вучычам выбараў у Сербіі

26 кастрычніка, Позірк. Член камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі заявіў аб адпаведнасці нацыянальным і міжнародным стандартам у зоне яго адказнасці пазачарговых парламенцкіх выбараў у Сербіі.
Выбары прайшлі 25 кастрычніка, кіруючая кааліцыя “Аляксандр Вучыч — Аб’яднаная Сербія “прайграла апазіцыйнаму “Студэнцкаму спісу”. Шпакоўскі назіраў за электаральным працэсам у складзе місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ.
“Экс-прэзідэнт Сербіі Аляксандр Вучыч да абвяшчэння афіцыйных вынікаў галасавання прызнаў сваю паразу і абвясціў аб пераходзе ў апазіцыю. Яшчэ на этапе электаральнай кампаніі Вучыч, які ўзначальваў Сербію 8 гадоў, заяўляў пра гатоўнасць змірыцца з пройгрышам на выбарах і стрымаў сваё слова“, — напісаў Шпакоўскі.
На яго думку, рашэнне Вучыча “дазволіла краіне пазбегнуць перарастання палітычнай палярызацыі грамадства ў стадыю грамадзянскага супрацьстаяння”.
“У зоне маёй адказнасці пазачарговыя парламенцкія выбары ў Сербіі прайшлі ў адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам і існуючымі міжнароднымі стандартамі. Правы выбаршчыкаў былі забяспечаны належна. Астатняе пакажа час”, — напісаў Шпакоўскі.
15 кастрычніка прэс-служба ПА АБСЕ паведаміла, што ў склад яе місіі ўвойдзе каля 80 чалавек з 29 краін. Было заяўлена, што назіральнікі “пройдуць падрабязны брыфінг з удзелам прадстаўнікоў выбарчых органаў, палітычных партый, грамадзянскай супольнасці, СМІ і незалежных экспертаў“ і пасля двух дзён “паглыбленых абмеркаванняў“ накіруюцца “ў розныя рэгіёны Сербіі для ацэнкі выбарчага працэсу“.
Адзначалася, што ў дзень галасавання назіральнікі ад ПА АБСЕ “наведаюць выбарчыя ўчасткі па ўсёй Сербіі, каб ацаніць працэдуры галасавання і падліку галасоў, а таксама ход выбарчага працэсу агулам“.
“Сабраныя даныя будуць абагульненыя і прааналізаваныя для ўключэння ў папярэднія высновы міжнароднай місіі па назіранні за выбарамі, якія будуць прадстаўлены на сумеснай прэс-канферэнцыі ў панядзелак, 26 кастрычніка, у Бялградзе, — гаварылася ў паведамленні. — Ацэнка выбараў будзе праводзіцца з улікам дэмакратычных абавязацельстваў, замацаваных у Капенгагенскім дакуменце АБСЕ 1990 года, а таксама іншых міжнародных абавязацельстваў і стандартаў правядзення дэмакратычных выбараў“.
41-гадовы Шпакоўскі на раннім этапе палітычнай актыўнасці быў звязаны з апазіцыйным рухам і прытрымліваўся радыкальных поглядаў. У сярэдзіне 2010-х адкрыта перайшоў на праўладныя і антызаходнія пазіцыі, заняўся прапагандысцкай дзейнасцю. Неўзабаве пасля гэтага яго пачалі прыцягваць да працы ў дзяржаўных інстытуцыях: на прэзідэнцкіх выбарах 2015 года і парламенцкіх выбарах 2016-га Шпакоўскі быў “экспертам інфармацыйнага штаба“ Цэнтрвыбаркама, у 2019-м — “экспертам навукова-экспертнай групы“ пры дзяржаўным сакратары Савета бяспекі, у 2021-м указам Аляксандра Лукашэнкі быў уключаны ў склад камісіі, якая рыхтавала змены ў Канстытуцыю. У 2023-2024 гадах быў дарадцам-пасланнікам амбасады Беларусі ў Расіі, у 2024-м стаў дэпутатам Палаты прадстаўнікоў.
Шпакоўскі неаднаразова адмаўляў наяўнасць рэпрэсій у Беларусі, а таксама абараняў сілавікоў пасля пратэстаў, выступаў супраць амністыі палітычных апанентаў.
Знаходзіцца пад санкцыямі Польшчы і Украіны.
Факт уключэння апалагета палітыкі рэжыму Лукашэнкі ў склад місіі назіральнікаў ад ПА АБСЕ адметны ў святле таго, што ўлады ў Мінску фактычна перашкаджалі прадстаўнікам структур АБСЕ ўдзельнічаць у апошніх электаральных працэдурах у Беларусі.
Напрыклад, 8 студзеня 2024 года, за некалькі тыдняў да адзінага галасавання на мясцовых і парламенцкіх выбарах (25 лютага), Андрэй Дапкюнас, які тады займаў пасаду пастаяннага прадстаўніка Беларусі пры АБСЕ, прама заявіў, што місія Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) гэтай арганізацыі не будзе запрошаная.
Міністэрства замежных спраў у сваім неафіцыйным тэлеграм-канале патлумачыла, што прычынамі адмовы ў назіранні сталі “геаграфічныя і функцыянальныя перакосы“ ў сістэме АБСЕ, “дэградацыя атмасферы міждзяржаўнага ўзаемадзеяння“ на яе прасторы і “пагаршэнне па віне Захаду лагістычных магчымасцяў выезду і ўезду з Беларусі“. Адначасова знешнепалітычнае ведамства заявіла пра гатоўнасць “перагледзець свае падыходы ў выпадку адмовы Захаду ад незаконнай санкцыйнай палітыкі і спробаў ўмяшання ва ўнутраныя справы“ краіны.
У той жа дзень кіраўнік БДІПЧ і ПА АБСЕ раскрытыкавалі рашэнне Мінска не запрашаць назіральнікаў ад іх структур, падкрэсліўшы, што яно супярэчыць міжнародным абавязацельствам Беларусі.
9 студзеня 2025 года, за 17 дзён да працэдуры, якую Мінск лічыў “прэзідэнцкімі выбарамі“, гэтыя ж інстытуты АБСЕ выступілі з сумеснай заявай, з якой вынікала, што іх прадстаўнікоў зноў не запрасілі назіраць за выбарчай кампаніяй. Праз тыдзень МЗС праз дзяржСМІ распаўсюдзіў сцвярджэнне, што запрашэнне БДІПЧ было накіраванае.
Асноўная прычына датэрміновых парламенцкіх выбараў у Сербіі — зацяжны грамадска-палітычны крызіс і працяглыя масавыя пратэсты, якія пачаліся пасля трагедыі ў горадзе Нові-Сад 1 лістапада 2024 года, калі з-за абвальвання бетоннага брыля чыгуначнага вакзала загінула 16 чалавек. Пратэстны рух спачатку выступіў з сацыяльна-эканамічнымі патрабаваннямі: устанавіць вінаватых, зрабіць празрыстай працэдуру дзяржзакупак і арганізаваць барацьбу з карупцыяй. Пазней адным з асноўных патрабаванняў стала палітычнае — правесці датэрміновыя выбары ў парламент.
Прэзідэнт краіны Аляксандр Вучыч доўга гэтаму супраціўляўся, але ў выніку абвясціў, што датэрміновыя выбары адбудуцца. 27 верасня 2026 года палітык сышоў у адстаўку з пасады кіраўніка дзяржавы — за сем месяцаў да заканчэння кадэнцыі. За некалькі тыдняў да гэтага кіроўная Сербская прагрэсіўная партыя (СПП) заявіла, што Вучыч узначаліць выбарчы спіс “Аляксандр Вучыч — Аб’яднаная Сербія“ і стане кандыдатам СПП на пасаду прэм’ер-міністра.
10 ліпеня Вучыч заявіў, што Сербія, хоць і з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз, не далучылася да трох чвэрцяў санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі.
Палітык быў першым сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з “перамогай на выбарах” 26 студзеня 2025 года.
Дэкларуючы палітычную лаяльнасць Мінску, Сербія адначасова не адмаўляецца ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.
Пры садзейнічанні Вучыча быў вызвалены рэжысёр Андрэй Гнёт, арыштаваны ў Бялградзе на запыт беларускіх уладаў.
Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Сербіяй (правапераемніцай Югаславіі) былі ўстаноўленыя 15 лістапада 1994 года.


- Палітыка
- ГрамадстваКаля 150 тыс. беларускіх турыстаў штогод наведваюць ААЭ — амбасадарМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаМінск вырашае пастаўленыя Злучанымі Штатамі пытанні для вяртання іх амбасады ў Беларусь — РыбакоўМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- ГрамадстваУ Мінску прадаюцца расійскія кішэнныя календары на 2027 год з указаннем святочных дзён у РФ (фотафакт)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка

