Мінск 19:22

Фрыдман: Новыя ўлады Сербіі ў дачыненні да Беларусі найхутчэй будуць прытрымлівацца курсу ЕС

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 27 кастрычніка 2026 года ў 09:43

Бялград
Фота: wikimedia.org

26 кастрычніка, Позірк. На беларускім кірунку новыя ўлады Сербіі найхутчэй будуць прытрымлівацца курсу Еўрапейскага саюза, заявіў у каментары “Позірку” палітычны аглядальнік, доктар гістарычных навук Аляксандр Фрыдман.

На яго думку, калі так здарыцца, гэта дасць дэмакратычнаму лідару Святлане Ціханоўскай “новыя перспектывы” для ўзаемадзеяння з сербскім бокам.

Ацэньваючы вынікі датэрміновых парламенцкіх выбараў, якія адбыліся 25 кастрычніка, эксперт адзначыў, што яны далі Сербіі шанец на правядзенне рэформаў, у прыватнасці, у сферы барацьбы з карупцыяй.

Паводле слоў Фрыдмана, былы прэзідэнт Аляксандр Вучыч (2017–2026), які прайграў выбары, нягледзячы на тое, што лічыўся прарасійскім палітыкам, “быў складаным партнёрам” для Масквы, як і былы кіраўнік венгерскага ўрада Віктар Орбан. “Ён быў сабе на розуме, спрабаваў гуляць у незалежнага, які і ад Еўропы на дыстанцыі, і ад Амерыкі на дыстанцыі, і ад Расіі на дыстанцыі”, — сказаў эксперт.

Фрыдман мяркуе, што? калі Бялград абярэ еўрапейскі вектар развіцця, на сербскім кірунку ў беларускіх дэмакратычных сіл “магчымыя толькі паляпшэнні”: “Я думаю, што стасункі ўжо дакладна не будуць горшыя, чым былі пры Вучычы”.

А вось для Аляксандра Лукашэнкі, які ўвесь гэты час ганарыўся добрымі стасункамі з Сербіяй, гісторыя “добрых сувязяў“ найхутчэй завяршылася, адзначыў Фрыдман.

26 кастрычніка Ціханоўская павіншавала з перамогай на датэрміновых парламенцкіх выбарах у Сербіі “Студэнцкі спіс”.

Паводле папярэдніх звестак Рэспубліканскай выбарчай камісіі Сербіі, “Студэнцкі спіс — Студэнты перамагаюць” атрымаў 52,54% галасоў, спіс “Аляксандр Вучыч — Аб’яднаная Сербія” (кіруючай Сербскай прагрэсіўнай партыі) — 39,29%.

Канчатковыя афіцыйныя вынікі выбараў пакуль не абвешчаныя.

“Студэнцкі спіс” сфарміраваны актывістамі антыўрадавых пратэстаў у краіне ў 2024 годзе. Яго ўзначаліў 56-гадовы прафесар медыцыны Ільля Срданавіч.

Таксама 56-гадовы Вучыч, на той момант прэзідэнт, 9 верасня распусціў парламент (Народную Скупшчыну), абраны 17 снежня 2023 года, і прызначыў пазачарговыя выбары на 25 кастрычніка. Рашэнне было прынята на прапанову ўрада. Сам Вучыч падаў у адстаўку з пасады 27 верасня.

Абавязкі прэзідэнта выконвае 51-гадовая спікер парламента Ганна Брнабіч.

Сербія з’яўляецца парламенцкай рэспублікай з моцнай роляй прэзідэнта ў палітычнай сістэме, але паводле Канстытуцыі выканаўчая ўлада належыць найперш ураду на чале з прэм’ер-міністрам.

10 ліпеня Вучыч заявіў, што Бялград, хоць і з’яўляецца кандыдатам на ўступленне ў Еўрасаюз, не далучыўся да трох чвэрцяў санкцый ЕС у дачыненні да Беларусі.

Палітык быў першым сярод кіраўнікоў еўрапейскіх дзяржаў, якія павіншавалі Лукашэнку з “перамогай на выбарах” 26 студзеня 2025 года.

Дэкларуючы палітычную лаяльнасць Мінску, Сербія адначасова не адмаўляецца ад кантактаў з беларускімі дэмакратычнымі сіламі.

Пры садзейнічанні Вучыча быў вызвалены рэжысёр Андрэй Гнёт, арыштаваны ў Бялградзе на запыт беларускіх уладаў.

Дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Сербіяй (правапераемніцай Югаславіі) былі ўстаноўленыя 15 лістапада 1994 года.

Падзяліцца: