Мінск 09:51

Пачобут абмеркаваў з Коўлам становішча польскай меншасці і палітвязняў у Беларусі

Фота на старонцы Пачобута ў сацсетцы X

24 верасня, Позірк. Становішча польскай меншасці ў Беларусі, Саюза палякаў, палітвязняў і “агулам магчымасці паляпшэння сітуацыі ўнутры” краіны абмеркаваў са спецыяльным пасланнікам прэзідэнта ЗША па Беларусі Джонам Коўлам экс-палітвязень, журналіст і актывіст польскай супольнасці Анджэй Пачобут.

“Я ўдзячны яму за яго ўдзел у маім вызваленні”, — напісаў ён на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X па выніках сустрэчы, якая адбылася ў Дзяржаўным дэпартаменце ЗША.

Раней у інтэрв’ю рускамоўнаму тэлеканалу “Дождь” Коўл на пытанне, ці размаўляе ён з Аляксандрам Лукашэнкам пра дэмакратызацыю, пра тое, ці збіраецца той нейкім чынам мяняць пазіцыю ў дачыненні да грамадзян Беларусі, заявіў: “На гэты момант не. Пакуль я такое пытанне з ім не ўздымаў. Можа быць, у будучыні калі-небудзь уздыму. Я ўздымаў пытанне пра палітычных вязняў, <…> але пытанні ўнутранай палітыкі не”.

Па выніках перамоў Коўла і Лукашэнкі 16 верасня ў Мінску было вызвалена 25 палітвязняў. Усе яны былі вывезеныя ў Літву (дзесяцёра пасля перабраліся ў Польшчу). У адказ ЗША знялі санкцыі з канцэрна “Беллеспаперпрам” і ААТ “Лакафарба” (базуецца ў Лідзе, Гродзенская вобласць).

Пачобут правёў у зняволенні больш за 5 з 8 гадоў, прызначаных яму беларускім судом у якасці пакарання ў рамках палітычна матываванай справы. Напрыканцы красавіка 2026 года ён быў вызвалены ў выніку абмену па формуле “пяць на пяць”, у якім з аднаго боку ўдзельнічалі Польшча і Малдова, з другога — Беларусь і Расія.

Журналіст неаднаразова заяўляў, што магчымасць вярнуцца ў Беларусь была адной з прынцыповых умоў, на якіх ён пагадзіўся пакінуць краіну пасля выхаду на свабоду. У верасні ён на тыдзень прыехаў у Беларусь, дзе сутыкнуўся з падвышанай увагай сілавікоў, але абышлося без эксцэсаў. Пасля экс-палітвязень вярнуўся ў Польшчу, каб падрыхтавацца да цяперашняга візіту ў ЗША. Пачобут па-ранейшаму мае намер вярнуцца ў Беларусь назаўжды.

Падзяліцца: