Мінск 11:11

У рамках праверкі МУС крымінальная міліцыя будзе выяўляць “дыверсантаў” з дапамогай сістэмы грамадскай бяспекі

Ілюстрацыйнае фота: "Мінск-Навіны"

3 верасня, Позірк. Пра неабходнасць “шчыльнага ўзаемадзеяння” ўнутраных войскаў (УВ) Міністэрства ўнутраных спраў з органамі ўнутраных спраў заявіў кіраўнік МУС Іван Кубракоў на нарадзе з удзелам дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандра Вальфовіча, прысвечанай абвешчанай праверцы баявой гатоўнасці УВ.

“У прыватнасці, падраздзяленням крымінальнай міліцыі пастаўлена задача аказваць аператыўную падтрымку вайскоўцам, у тым ліку з выкарыстаннем магчымасцяў Рэспубліканскай сістэмы маніторынгу грамадскай бяспекі, для выяўлення і ліквідацыі дыверсійна-выведніцкіх груп”, — паведаміла прэс-служба МУС.

Паводле задумы праверкі, 7-ю асобную спецыяльную міліцэйскую брыгаду УВ “прыводзяць у найвышэйшую ступень гатоўнасці з абавязковым даўкамплектаваннем”.

“Каб умовы былі максімальна набліжаныя да баявых, у ролі супрацьлеглага боку да мерапрыемстваў прыцягваюцца байцы спецпадраздзяленняў іншых сілавых ведамстваў. Таксама ставіцца мэта прааналізаваць, як у злучэнні ўкараняецца досвед сучасных ваенных канфліктаў, выкарыстоўваюцца нестандартныя метады супрацьдзеяння гібрыдным пагрозам, якія меры прымаюцца для падтрымання грамадскага парадку”, — гаворыцца ў паведамленні.

Пра тое, што Вальфовіч перадаў Кубракову распараджэнне на “прывядзенне ў баявую гатоўнасць у адпаведнасці з прызначэннем” 7-й спецбрыгады УВ МУС, стала вядома 2 верасня. Дзяржсакратар Савета бяспекі заявіў, што ўпор будзе зроблены на пытанні баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці УВ, у тым ліку на “адмабілізаванне і даўкамплектаванне да штатаў ваеннага часу”.

“Паглядзім, як ва ўнутраных войсках укаранёны досвед “спецыяльнай ваеннай аперацыі” (так расійскія, а ўслед за імі і беларускія ўлады і прапагандысты называюць поўнамаштабную агрэсію РФ супраць Украіны, развязаную ў лютым 2022 года. — Позірк”.) ды іншых сучасных канфліктаў, — заявіў ён. — Задачы для ўнутраных войскаў спецыфічныя: гэта перш за ўсё забеспячэнне грамадскага парадку на тэрыторыі нашай краіны ва ўмовах дэстабілізацыі абстаноўкі. Для таго, каб умовы былі максімальна набліжаныя да баявых, да праверкі будуць прыцягнутыя войскі абазначэння”, — сказаў ён.

24 жніўня, нагадаў Вальфовіч, ён уручыў міністру абароны Віктару Хрэніну распараджэнне на прывядзенне ў поўную баявую гатоўнасць 51-й артылерыйскай брыгады (Асіповічы, Магілёўская вобласць). Пры гэтым, паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка “паставіў задачу праверыць і іншыя структуры ваеннай арганізацыі дзяржавы”: “У прыватнасці, адной з асноўных з’яўляецца МУС”.

Унутраныя войскі былі актыўна задзейнічаныя ў падаўленні масавых пратэстаў у 2020 годзе, прыцягваліся да разгонаў вулічных акцый і ў ранейшыя гады.

З канца 2022 года ў складзе УВ МУС актыўна ствараюцца новыя спецпадраздзяленні, у першую чаргу з ліку кантрактнікаў, якія раней адслужылі ва ўнутраных войсках. Трэніроўкамі байцоў спецатрадаў УВ займаліся дзейныя і былыя баевікі расійскай ПВК “Вагнер”.

Падзяліцца: