Мінск 09:25

Лукашэнка прапануе В’етнаму распрацаваць “дарожную карту” як “аснову для практычнай працы” дзвюх краін

2 верасня, Позірк. Мінск надае “вялікае значэнне стратэгічнаму партнёрству“ з Ханоем і разлічвае на “дынаміку кантактаў за кошт новых праектаў і ініцыятыў” у розных сферах. Пра гэта гаворыцца ў віншаванні Аляксандра Лукашэнкі кіраўніку Кампартыі В’етнама, прэзідэнту То Ламу з Днём незалежнасці.

Віншавальнік, як перадае яго прэс-служба, выказаў зацікаўленасць “у хуткім часе“ абмеркаваць з кіраўніком гэтай паўднёваазіяцкай дзяржавы пытанні двухбаковага парадку дня, якія “акрэсляць галоўныя напрамкі ўзаемадзеяння нашых краін на бліжэйшую перспектыву“.

“Лічу, што асновай для сумеснай практычнай працы павінна быць “дарожная карта“ па развіцці супрацоўніцтва паміж Беларуссю і В’етнамам“, — адзначыў Лукашэнка.

7 красавіка, віншуючы То Лама з абраннем на пасаду генеральнага сакратара партыі, ён падкрэсліў, што “якаснаму пашырэнню кантактаў“ паміж Беларуссю і В’етнамам спрыяе “ўстанаўленне паміж дзвюма краінамі стратэгічнага партнёрства”.

То Лам наведваў Беларусь у траўні 2025 года. Лукашэнка назваў яго прыезд “яркім сімвалам непарушнай беларуска-в’етнамскай дружбы“ і на сустрэчы ў Мінску заявіў пра гатоўнасць аднавіць пастаўкі прадукцыі ваенна-прамысловага комплексу ў В’етнам.

У снежні таго ж года В’етнам наведваў дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч. Падчас візіту чыноўнік заявіў, што супрацоўніцтва ў сферы бяспекі “стала сапраўдным драйверам беларуска-в’етнамскіх стасункаў, у тым ліку гандлёва-эканамічных“.

Беларуская дэлегацыя тады наведала шэраг в’етнамскіх прадпрыемстваў.

Вальфовіч адзначаў, што ўзаемны тавараабарот паміж Беларуссю і В’етнамам па выніках 2024 года склаў амаль 245 млн долараў. У 2021 годзе (апошнія звесткі на сайце амбасады Беларусі ў гэтай краіне ў Паўднёва-Усходняй Азіі) ён быў на ўзроўні 200,3 млн долараў, з якіх на беларускі экспарт прыпала 92,9 млн, на в’етнамскія пастаўкі — 107,4 млн. Такім чынам, двухбаковы гандаль за тры гады вырас прыкладна на 45 млн долараў (+22,3%).

В’етнам афіцыйна называе сябе сацыялістычнай рэспублікай. У краіне дазволеная дзейнасць толькі Камуністычнай партыі.

Падзяліцца: