Мінск 12:04

У Літве затрыманы мужчына, які перавозіў тысячу пачкаў беларускіх цыгарэтаў на электраскутары

2 верасня, Позірк. Аб затрыманні ў Шальчынінкайскім раёне 31-гадовага мясцовага жыхара, які перавозіў на электрычным скутары 1.000 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі, паведаміла 2 верасня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы.

Мужчыну спынілі для праверкі на лясной дарозе каля вёскі Дайлідзі, непадалёк ад мяжы з Беларуссю. Цыгарэты былі схаваныя ў двух абматаных поліэтыленавай плёнкай скрутках. Іх кошт з улікам літоўскіх падаткаў быў ацэнены ў 5.510 еўра.

Паводле даных САДМ, затрыманы ўжо не аднойчы прыцягваўся да адказнасці за незаконнае абыходжанне з падакцызнымі таварамі. За чарговае парушэнне яму пагражае штраф ад 5.760 да 6.000 еўра.

Памежнікі таксама высветлілі, што мужчына знаходзіўся ў памежнай зоне без дакумента, які сведчыць асобу і грамадзянства. Электраскутар магутнасцю больш за 1 кВт не быў зарэгістраваны, застрахаваны і не прайшоў тэхагляд, не меў нумарных знакаў, а сам кіроўца ехаў без абавязковага шлема.

У дачыненні да яго распачата адначасова чатыры адміністрацыйныя вытворчасці, у тым ліку за перавозку падакцызных тавараў з парушэннем устаноўленага парадку. Разглядаць яго справы будуць праз некалькі тыдняў. Скутар і цыгарэты пакуль захоўваюцца ў падраздзяленні Варэнскага памежнага атрада САДМ.

Падзяліцца: