Мінск 15:19

Лукашэнка кампліментарна заявіў Мірзіёеву пра “непарушнае сяброўства” з Узбекістанам

1 верасня, Позірк. Пра “непарушнае сяброўства і ўзаемны давер паміж Мінскам і Ташкентам”, якія “будуць і надалей залогам паглыблення і пашырэння шматграннага беларуска-ўзбекскага супрацоўніцтва ў рэчышчы стратэгічнага партнёрства”, заявіў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева і народ гэтай краіны з 35-й гадавінай незалежнасці.

“За мінулыя гады краіна дасягнула маштабных поспехаў ва ўмацаванні суверэнітэту. Сведчаннем вернасці і эфектыўнасці палітычнага курсу, які вы праводзіце, з’яўляюцца ўстойлівае сацыяльна-эканамічнае развіццё дзяржавы, рост дабрабыту грамадзян і павышэнне аўтарытэту рэспублікі на міжнароднай арэне”, — заявіў ён (цытата паводле прэс-службы Лукашэнкі).

Мірзіёеў наведваў Мінск 8–9 ліпеня і неўзабаве пасля гэтага звольніў амбасадара ў Беларусі Рахматулу Назарава “праз абыякавасць да пытанняў інвестыцый і знешняга гандлю”.

27 ліпеня прэс-служба беларускага МЗС паведаміла пра прыняцце міністрам Максімам Рыжанковым копій даверчых грамат новага амбасадара Нурыдзіна Мамажонава.

Лукашэнка, падчас сустрэчы з Мірзіёевым, “назваў уцешным”, што за перыяд, які прайшоў пасля яго афіцыйнага візіту ва Узбекістан у лютым 2024 года, бакі “прыкметна прасунуліся наперад” і паводле вынікаў мінулага года Мінск і Ташкент выйшлі на максімальны ў гісторыі двухбаковых стасункаў паказчык аб’ёму ўзаемнага гандлю і “ўшчыльную наблізіліся да 1 млрд долараў”.

Прэзідэнт Узбекістана тады ж паведаміў, што за пяць гадоў двухбаковы тавараабарот павялічыўся амаль утрая, а з пачатку 2026 года вырас яшчэ на 30%.

На сустрэчы з ім 9 ліпеня Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі. У той жа дзень бакі заключылі міжурадавае пагадненне аб “арганізаваным наборы і працаўладкаванні” грамадзян Узбекістана для “ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі”.

13 ліпеня ў Беларусь прыбыло некалькі соцень жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана, якіх працаўладкавалі ў Віцебскай вобласці. На наступны дзень прэс-служба Лукашэнкі анансавала прыезд у гэты рэгіён 5 тыс. работнікаў з гэтай краіны.

Паводле інфармацыі ўзбекскіх СМІ, 15 ліпеня некаторыя работнікі праз сацыяльныя сеткі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам. Аднак на наступны дзень працоўныя мігранты запісалі новы зварот, у якім сцвярджалася, што “спрэчныя пытанні вырашаныя” і яны задаволеныя ўмовамі працы і пражывання.

У наступныя дні пра сітуацыю з работнікамі з Узбекістана актыўна выказваліся чыноўнікі. У прыватнасці, міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, які заявіў, што з прыбылымі “няма ніякіх праблем”. 17 ліпеня з грамадзянамі Узбекістана ў Наваполацку (Віцебская вобласць) сустрэлася старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Па выніках гутаркі яна заявіла, што “пытанняў у іх няма”.

21 ліпеня Лукашэнка на нарадзе па пытаннях уборачнай кампаніі даў зразумець, што працоўныя мігранты з Узбекістана не змогуць зарабіць у Беларусі “вялізных грошай”.

Лукашэнка і Мірзіёеў у цяперашні час знаходзяцца ў Кыргызстане, дзе прымаюць удзел у саміце Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва. 

Падзяліцца: