Мінск 20:13

У Літве перахопленая найбуйнейшая ў 2026 годзе партыя нелегальных цыгарэт, у тым ліку з беларускімі акцызнымі маркамі

Фота: мытня Літвы

6 жніўня, Позірк. Мытная крымінальная служба (МКС) затрымала грузавік з партыяй нелегальных цыгарэт, частка з якіх мае дачыненне да Беларусі, вынікае з паведамлення Мытнага дэпартамента пры Міністэрстве фінансаў Літвы, у структуру якога ўваходзіць МКС.

Паводле апублікаванай 6 жніўня інфармацыі службы, грузавік DAF быў спынены 30 ліпеня на трасе Вільнюс — Клайпеда, ля транспартнага вузла Крыжкальніс у Расейняйскім раёне.

У паўпрычэпе супрацоўнікі МКС выявілі 19 палет з 903 скрынямі цыгарэт — каля 451,5 тыс. пачкаў розных марак. Сярод вынятай прадукцыі былі цыгарэты Marlboro Gold, Winston Blue, Minsk Superslims і NZ Gold. Паведамляецца, што на частцы прадукцыі былі беларускія акцызныя маркі, іншая наогул не мела акцызных знакаў.

Папярэдні кошт партыі з улікам абавязковых падаткаў складае каля 2,4 млн еўра. Літоўская мытня канстатавала, што гэта найбуйнейшае канфіскаванне нелегальных цыгарэт у краіне ў 2026 годзе.

Паводле даных МКС, грузавік уехаў у Літву з Латвіі. Такім чынам, адзначыла ведамства, “пацвярджаюцца раней выяўленыя тэндэнцыі па ўвозе буйных партый нелегальных цыгарэт з тэрыторыі Латвіі”. Мяркуецца, што цыгарэты былі вырабленыя на падпольных фабрыках у гэтай краіне.

Па факце незаконнага абароту падакцызных тавараў распачатае дасудовае расследаванне. Яго вядзе аддзел МКС у Клайпедзе — пад кіраўніцтвам пракуратуры Шаўляйскай акругі.

Кіроўца грузавіка заявіў, што не ведаў пра змесціва грузу. Яму прадпісана не пакідаць месца жыхарства і абавязкова адзначацца ў паліцыі. Калі віна будзе даказаная, мужчыну можа пагражаць штраф або да 8 гадоў пазбаўлення волі.

Літоўская мытня дадала, што ў 2025 годзе ў рамках крымінальных расследаванняў было затрымана амаль 7 млн пачкаў нелегальных цыгарэт, найчасцей увезеных з Латвіі. Паводле звестак ведамства, на латвійскай тэрыторыі вырабляюцца падробленыя цыгарэты як вядомых сусветных брэндаў, так і беларускай тытунёвай прадукцыі.

23 ліпеня Служба аховы дзяржаўнай мяжы (САДМ) пры МУС Літвы паведамляла пра затрыманне ў Кяльмескім раёне партыі кантрабандных цыгарэт без акцызных марак коштам амаль 1 млн еўра.

Тады памежнае ведамства адзначала, што вядомыя сусветныя брэнды цыгарэт, а таксама беларускія цыгарэты падрабляюцца на падпольных фабрыках, у тым ліку тых, што дзейнічаюць у Латвіі. Некалькі такіх вытворчасцяў раней ліквідавалі праваахоўнікі.

Канфіскаваныя ў Кяльмескім раёне цыгарэты Marlboro Gold Original, NZ Gold, Davidoff Gold, Parliament і Winston Blue таксама маглі паступіць з суседняй Латвіі, гаварылася ў паведамленні.

Падзяліцца: