Дэпартамент міграцыі Літвы просіць сілавыя структуры ацаніць рызыкі пражывання ў краіне беларуса Шымановіча — былога зяця Шэймана

30 ліпеня, Позірк. Дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы звярнуўся ў Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі з просьбай паўторна ацаніць, ці не стварае пагрозы нацыянальнай бяспецы пражыванне ў краіне грамадзяніна Беларусі Андрэя Шымановіча.
Прэс-служба міграцыйнага ведамства паведаміла, што такім чынам адрэагавала на нядаўні артыкул журналістаў-расследавальнікаў.
“Улічваючы згаданыя ў публікацыі факты пра стварэнне [з удзелам Шымановіча] пэўных дадаткаў, якія маглі перадаваць Беларусі і Расіі пэўную інфармацыю, а таксама тое, што Дэпартамент міграцыі не выконвае функцыі прафілактыкі і праверкі ў сферы кібербяспекі, таксама было прынята рашэнне звярнуцца ў Нацыянальны цэнтр кібербяспекі і Бюро крымінальнай паліцыі Літвы”, — гаворыцца ў паведамленні.
Адзначаецца, што Дэпартамент міграцыі просіць гэтыя службы “распачаць кансультацыі і ў рамках сваёй кампетэнцыі ацаніць надзейнасць згаданых у публікацыі дадаткаў і іх унутранага праграмнага кода, патэнцыйныя ўразлівасці бяспекі і іншыя аспекты, якія дапамогуць высветліць магчымую шкоднаснасць такога праграмнага забеспячэння”.
Атрымаўшы “ўсю неабходную інфармацыю ад іншых дзяржаўных устаноў”, міграцыйнае ведамства “прыме рашэнне адносна прававога становішча ў Літве згаданага ў публікацыі замежніка”.
21 ліпеня беларускае расследавальніцкае СМІ “Бюро” апублікавала матэрыял “Як Андрэй Шымановіч стварыў вядомы шпіёнскі сэрвіс, парадніўся з Шэйманам і вёў справы адначасова ў Беларусі і ЕС”. Тэкст быў падрыхтаваны пры садзейнічанні ініцыятывы “Кіберпартызаны”, экспертаў па кібербяспецы Human Constanta і Resident NGO, а таксама літоўскага расследавальніцкага праекта Siena.
Паводле інфармацыі гэтага медыя, у 2016 годзе Шымановіч пабраўся шлюбам з Вольгай Шэйман — адзінай дачкой аднаго з найбліжэйшых паплечнікаў Аляксандра Лукашэнкі Віктара Шэймана. Шымановіч атрымаў дазвол на жыхарства ў Літве ў 2023 годзе, да таго моманту, як адзначаецца, ён ужо быў у разводзе.
У 2011 годзе мужчына стварыў дадатак mSpy, які “дазваляў дыстанцыйна сачыць за чужым тэлефонам, планшэтам або камп’ютарам: чытаць паведамленні, адсочваць геалакацыю, праглядаць фатаграфіі, актыўнасць у сацсетках, гісторыю званкоў і пошуку”. Сэрвіс, прызначаны, як сцвярджалася, для бацькоўскага кантролю, пазней, як высветлілася, выкарыстоўваўся такім чынам толькі 40% кліентаў. Акрамя таго, у матэрыяле адзначана, што ў 2015, 2018 і 2024 гадах адбыліся выцекі даных — спачатку сотняў тысяч, а пасля мільёнаў карыстальнікаў дадатку.
Сярод іншых дадаткаў Шымановіча журналісты згадалі eSIM Plus, які “дазваляе атрымліваць віртуальныя нумары і ў паездках выходзіць у інтэрнэт без роўмінгу”. Адзначаецца, што сэрвіс празмерна атрымлівае доступ да месцазнаходжання карыстальніка, накіроўвае тэлеметрыю ў Yandex AppMetrica (у Расію), а для маршрутызацыі званкоў выкарыстоўвае інфраструктуру расійскай кампаніі Voximplant.
Віктар Шэйман знаходзіцца пад санкцыямі ЗША, Еўрасаюза, Вялікабрытаніі, Швейцарыі і Канады.
29 красавіка 2026 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў пра ўвядзенне новых абмежавальных мер у дачыненні да Беларусі, сярод іншых пад іх трапіў Шэйман. Адзначалася, што той з’яўляецца “блізкім паплечнікам” Лукашэнкі — “на працягу многіх гадоў займаў высокія дзяржаўныя пасады ў Беларусі”, “выконвае даручэнні самаабвешчанага прэзідэнта, вядзе міждзяржаўныя перамовы і наладжвае ценявыя дзелавыя сувязі”.
Паводле ўкраінскага боку, Шэйман “датычны да арганізацыі “эскадронаў смерці”, якія знішчалі апазіцыйных палітыкаў, актывістаў і грамадскіх дзеячаў”. Ён з’яўляецца “адным з арганізатараў схем абыходу санкцый, уведзеных Украінай і дзяржавамі-партнёрамі супраць расійскіх і беларускіх кампаній”.
- Эканоміка
- Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаЗ Грузіі выслана чарговая група замежных грамадзян, у тым ліку беларускіхМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 28–29 ліпеня 2026 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка



