Мінск 17:48

Жыхар Літвы можа пазбавіцца аўтамабіля за кантрабанду беларускіх цыгарэт

Фота: САДМ

29 ліпеня, Позірк. Пра затрыманне ў Шальчынінкскім раёне чарговага аўтамабіля, абсталяванага схованкамі для перавозкі беларускіх цыгарэт, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы (САДМ).

Аўтамабіль “БМВ 740“ пад кіраваннем 29-гадовага жыхара раёна памежнікі спынілі раніцай 27 ліпеня на дарозе Кракунай — Дзевянішкес — Шальчынінкай каля вёскі Шырвяй.

Адзначаецца, што машына накіроўвалася з так званай “Дзевянішскай пятлі“ — тэрыторыі Літвы, практычна поўнасцю акружанай Беларуссю.

Пры аглядзе аўтамабіля памежнікі, адкруцілі вечка за заднім сядзеннем і знайшлі пачкі беларускіх цыгарэт. Тытунёвыя вырабы былі схаваныя ў “нестандартна абсталяваным паліўным баку“, адзначае САДМ. Такія ж цыгарэты выяўлены за спінкай задняга сядзення і пад панэллю каля лабавога шкла.

Агулам з аўтамабіля вынята 1.000 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі. Іх кошт ацэнены ў 5.460 еўра.

У дачыненні да мужчыны распачата адміністрацыйная вытворчасць. Яму можа пагражаць штраф ад 5.200 да 6.000 еўра, паведамляе памежная служба. Падкрэсліваецца, што парушальніку можа таксама пагражаць канфіскацыя аўтамабіля.

Аўтамабіль і цыгарэты часова перададзены на захоўванне ў мясцовае падраздзяленне САДМ.

Аналагічнае затрыманне аўтамабіля з кантрабанднымі цыгарэтамі на выездзе з “Дзевянішскай пятлі“ адбылося сёлета ў красавіку. Тады пад прыборнай панэллю аўтамабіля парушальніка літоўскія памежнікі знайшлі 250 пачкаў цыгарэт NZ Gold з беларускімі акцызнымі маркамі.

Падзяліцца: