Мінск 01:23

Кіраўнік МЗС Украіны: Спадзяемся на далучэнне Беларусі да Люблінскага трыкутніка, для гэтага мы супрацоўнічаем з Ціханоўскай

Архіўнае фота: старонка Святланы Ціханоўскай у сацсетцы "Х"

28 ліпеня, Позірк. Украіна спадзяецца, што “аднойчы свабодная, незалежная і дэмакратычная Беларусь далучыцца да Люблінскага трыкутніка”, заявіў на сваёй старонцы ў сацсетцы “Х” міністр замежных спраў гэтай краіны Андрэй Сібіга.

“Дзеля гэтага, — адзначыў ён, — мы працягваем цесна супрацоўнічаць са Святланай Ціханоўскай і ўсімі беларусамі, якія імкнуцца жыць у еўрапейскай Беларусі”.

“Шэсць гадоў таму Украіна, Літва і Польшча стварылі Люблінскі трохкутнік. Віншую майго польскага калегу Радаслава Сікорскага і літоўскага калегу Кестуціса Будрыса”, — заявіў Сібіга з нагоды. гадавіны аб’яднання.

Паводле яго слоў, трывалае партнёрства паміж трыма народамі “пабудавана на стагоддзях агульнай гісторыі, агульных выкліках у супрацьстаянні <…> адвечнаму суперніку, непадзельнай бяспецы і сумеснай еўрапейскай будучыні”.

“За апошнія шэсць гадоў Люблінскі трохкутнік даказаў сваю высокую эфектыўнасць як фармат супрацоўніцтва на ўсіх узроўнях — ад нашых міністэрстваў да кіраўнікоў дзяржаў”, — адзначыў кіраўнік украінскага МЗС.

Кіеў, дадаў ён, гатовы “і далей развіваць гэты трохбаковы фармат ва ўсіх вымярэннях дзеля бяспекі, росквіту і свабоды” трох дзяржаў — гэта можна рабіць “праз сумесныя эканамічныя і інфраструктурныя праекты, узмацненне ўзаемасувязі і актыўны ўдзел польскіх і літоўскіх кампаній у аднаўленні Украіны”.

“Праблемы бяспекі, з якімі сутыкаюцца нашы краіны і больш шырокі рэгіён праз расійскую агрэсію супраць Украіны, застаюцца беспрэцэдэнтнымі. Захаванне міжнароднай падтрымкі Украіны і ўзмацненне ціску на Расію з’яўляюцца крытычна важнымі”, — падкрэсліў Сібіга.

Ён падзякаваў Польшчы і Літве за “жыццёва неабходную дапамогу з першага дня поўнамаштабнага ўварвання Расіі”.

“Унікальны баявы вопыт Украіны, тэхналагічныя рашэнні і інавацыйная абаронная прамысловасць маюць першараднае значэнне для бяспекі Польшчы і Літвы. Украіна гатовая дзяліцца сваёй экспертызай дзеля ўмацавання нашых саюзнікаў, выступаючы надзейным партнёрам па бяспецы, які робіць актыўны ўклад у абарону ўсёў еўраатлантычнай прасторы”, — заявіў міністр.

Люблінскі трохкутнік быў створаны 28 ліпеня 2020 года для паглыблення палітычнага, эканамічнага і сацыяльнага супрацоўніцтва трох краін, а таксама еўраатлантычных памкненняў Украіны.

Гл. таксама:

Ціханоўская заклікала Дуду ўключыць дэмакратычную Беларусь у фармат Люблінскага трохвугольніка

Падзяліцца: