Мінск 17:42

55-гадовая мінчанка абвінавачваецца ў катаванні ўдачаронага дзіцяці, справа накіравана ў суд

Фота: pixabay.com

29 ліпеня, Позірк. Пракуратура Савецкага раёна Мінска накіравала ў суд крымінальную справу ў дачыненні да 55-гадовай жыхаркі сталіцы, абвінавачанай паводле арт. 186 (пагроза забойствам, прычыненнем цяжкіх цялесных пашкоджанняў або знішчэннем маёмасці), ч. 2 арт. 154 (катаванне) Крымінальнага кодэкса.

Як паведамляе Генеральная пракуратура, у лістападзе 2025 года паміж жанчынай і дзяўчынкай-падлеткам, якую яна ўдачарыла, адбылася сварка, падчас якой абвінавачаная “штурхнула непаўналетнюю, ад чаго тая ўпала на падлогу”, а затым “з мэтай запалохвання абкруціла шнуром ад навушнікаў шыю пацярпелай і зацягнула яго, чым ускладніла дыханне”.

Акрамя таго, абвінавачаная ў той жа час падчас сварак з падлеткам сістэматычна наносіла ёй пабоі, а таксама “цялесныя пашкоджанні ў выглядзе драпін і кровападцёкаў”.

“Жанчына наносіла пацярпелай удары рукамі, нагамі і іншымі прадметамі ў вобласць галавы, тулава, верхніх канечнасцяў і іншых частак цела”, — гаворыцца ў паведамленні. Таксама яна “прывязвала дзяўчынку за нагу да батарэі ў пакоі кватэры, аблівала халоднай вадой галаву і цела пацярпелай, насуперак волі зразала нажніцамі пасму валасоў з галавы апошняй, адпраўляла дзяўчынку спаць на падлогу”. Не менш за два разы фігурантка выстаўляла пацярпелую на некалькі гадзін “у аголеным выглядзе на балкон кватэры”.

Звяртаецца ўвага, што падлетак знаходзілася ў “залежным ад маці становішчы з прычыны сямейна-бацькоўскіх стасункаў”.

Абвінавачаная віну прызнала часткова, свае дзеянні абгрунтавала “цяжкасцямі ў выхаванні падлетка”, якая “не рэагавала на нармальныя метады выхавання”. Жанчына знаходзіцца на свабодзе пад падпіскай аб нявыездзе.

Дзяўчынка змешчана ў сацыяльна-педагагічны цэнтр. Рашэнне аб яе ўдачарэнні фігуранткай справы скасавана судом.

У Беларусі ў 2025 годзе ўсынавілі і ўдачарылі на 7,9% дзяцей менш, чым у 2024-м, сведчаць даныя Вярхоўнага суда.

У 2025 годзе суды разгледзелі 557 іскаў аб усынаўленні (удачарэнні) дзіцяці, задаволілі — 548. Годам раней было разгледжана 599 такіх спраў, задаволена — 595.

Падзяліцца: