Мінск 19:50

Лукашэнка пра мігрантаў з Узбекістана: Іх заробак — гэта трэцяе пытанне

Архіўнае відэа: неафіцыйны тэлеграм-канал прэс-службы Аляксандра Лукашэнкі / стоп-кадр: "Позірк"

28 ліпеня, Позірк. Тэму працоўных мігрантаў з Узбекістана, якія прыбылі ў Беларусь, закрануў 28 ліпеня на сустрэчы са старшынёй Віцебскага аблвыканкама Аляксандрам Рагожнікам Аляксандр Лукашэнка, паведамляе яго прэс-служба.

“У тым ліку і па ўзбеках. Таму што да цябе яны перш за ўсё прыляцелі. Памятай адно: малако і мяса — гэта перш за ўсё. Людзей не хапае — калі ласка. Іх заробак — гэта трэцяе пытанне”, — заявіў Лукашэнка, заслухоўваючы даклад Рагожніка.

Ён падкрэсліў, што ўзбекскі бок “прасіў прадукцыю”.

“Мы ў гэтым зацікаўленыя. Яны гатовыя інвеставаць у сельскую гаспадарку. Таму што як без інвестыцый? Без малочна-таварных комплексаў і трактароў мяса і малака не атрымаеш. Мы гатовыя вырабіць тут неабходнае. Не толькі ў Віцебскай вобласці. У нас жа ў Магілёўскай, Гомельскай і Гродзенскай абласцях людзі патрэбныя. Але мэтанакіравана”, — сказаў Лукашэнка.

Паводле слоў Рагожніка, якога цытуюць дзяржСМІ, беларускі бок ад прыезду грамадзян Узбекістана “толькі набудзе, а не страціць”.

“Мы сфарміравалі палажэнне, паводле якога ажыццяўляецца адбор спецыялістаў. Вядома ж, зыходзім з патрэб вобласці. Узбекскі бок атрымлівае інфармацыю пра тое, што нам трэба, умоўна, 30 механізатараў, дзесяць будаўнікоў і гэтак далей. І кваліфікацыйныя патрабаванні да ўсіх спецыяльнасцяў”, — заявіў чыноўнік.

Паводле яго сцвярджэння, узбекскіх грамадзян ў Беларусі будуць правяраць “на адсутнасць праблем з законам”. “Таму што мы зацікаўленыя ў тым, каб да нас прыязджалі не толькі кваліфікаваныя, але і законапаслухмяныя грамадзяне”, — удакладніў Рагожнік.

Ён адзначыў, што ўсе прыбыўшыя ўзбекі атрымліваюць у Беларусі “той узровень заработнай платы, які быў першапачаткова агавораны, ён нядрэнны”.

На сустрэчы з прэзідэнтам Узбекістана Шаўкатам Мірзіёевым 9 ліпеня Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі. У той жа дзень бакі заключылі міжурадавае пагадненне аб “арганізаваным наборы і працаўладкаванні” грамадзян Узбекістана для “ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі”.

13 ліпеня ў Беларусь прыбыло некалькі сотняў жыхароў Андыжанскай вобласці Узбекістана, якіх працаўладкавалі ў Віцебскай вобласці. На наступны дзень прэс-служба Лукашэнкі анансавала прыезд у гэты рэгіён 5 тыс. работнікаў з гэтай краіны.

Паводле інфармацыі ўзбекскіх СМІ, 15 ліпеня некаторыя работнікі праз сацыяльныя сеткі выказалі незадаволенасць умовамі жыцця і заробкам. Аднак на наступны дзень працоўныя мігранты запісалі новы зварот, у якім сцвярджалася, што “спрэчныя пытанні вырашаныя” і яны задаволеныя ўмовамі працы і пражывання.

Чыноўнікі таксама змянілі рыторыку, сцвярджаючы, што прыезд у Беларусь працоўных мігрантаў з Узбекістана з’яўляецца часткай інвестыцыйнага супрацоўніцтва дзвюх краін.

18 ліпеня кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой заявіў, што ў Беларусь прыедуць спецыялісты з Узбекістана, якія маюць адпаведную кваліфікацыю і падрыхтоўку.

“Дзе неабходна, навучаем гэтым спецыяльнасцям. Мы зацікаўленыя ў жывёлаводах, механізатарах, будаўніках. Я ў гэтым нічога дрэннага не бачу, бо мы ні ў каго не забіраем працоўныя месцы. Людзі прыязджаюць да нас з дабром, і мы павінны гэтак жа іх прыняць”, — сказаў чыноўнік.

23 ліпеня падчас разгляду кадравых пытанняў Лукашэнка, кажучы пра прыцягненне ў Беларусь працоўных мігрантаў з Узбекістана, заявіў, што “не трэба чакаць, што прыедуць вялікія спецыялісты, яны і там дзесьці працаўладкаваныя”.

“Некаторых трэба проста давучыць, навучыць. Але галоўнае, каб у яго было жаданне працаваць. Вы гэта павінны выразна разумець”, — звярнуўся ён да кіраўнікоў мясцовых органаў улады.

Падзяліцца: