Мінск 20:10

Жыхара Брэста будуць судзіць за смяротнае ДТЗ, учыненае ў стане алкагольнага ап’янення

28 ліпеня, Позірк. Пра накіраванне ў суд крымінальнай справы 21-гадовага жыхара Брэста паведамляе Генеральная пракуратура.

Мужчыну вінавацяць у “парушэнні правілаў дарожнага руху, якое прывяло да смерці чалавека”, і “пакіданні пацярпелага без дапамогі” (ч. 4 арт. 317 і ч. 3 арт. 159 КК).

Паводле даных нагляднага ведамства, ДТЗ адбылося глыбокай ноччу 17 студзеня 2026 года ў аграгарадку Макарава Камянецкага раёна (Брэсцкая вобласць).

Кіроўца кіраваў легкавым аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. Пры гэтым, як сцвярджаецца, хадавая частка машыны была няспраўная, лабавое шкло забруджана, а хуткасць руху перавышала дапушчальную.

Як устанавіла пракуратура, кіроўца рухаўся “левымі коламі па паласе сустрэчнага руху“ і “меў магчымасць загадзя ўбачыць 30-гадовага пешахода”, які ляжаў на дарозе, аднак “не зрэагаваў і ўчыніў наезд”.

Пасля ДТЗ ён уцёк з месца здарэння, пакінуўшы пацярпелага ў небяспецы.

Пешаход памёр ад атрыманых траўм у аўтамабілі хуткай дапамогі.

Падазраваны быў затрыманы ў той самы дзень. Ён застаецца пад вартай.

Даведка “Позірку. Згодна з ч. 4 арт 317 КК парушэнне ПДР або кіраванне транспартным сродкам асобай у стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, якое пацягнула па неасцярожнасці смерць чалавека або прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да васьмі гадоў з пазбаўленнем права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю.

Згодна з ч. 3 арт. 159 КК, свядомае пакіданне пацярпелага ў небяспецы караецца арыштам, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў, або пазбаўленнем волі на той жа тэрмін са штрафам.

Падзяліцца: