Мінск 14:13

Лукашэнка чакае ад Паўднёвай Карэі крокаў па актывізацыі супрацы, ад Саудаўскай Аравіі — большых інвестыцый

Фота: прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі

28 ліпеня, Позірк. Даверчыя граматы ад амбасадараў дзевяці дзяржаў — Бразіліі, Лівіі, Манголіі, М’янмы, Паўднёвай Карэі, Перу, Руанды, Саудаўскай Аравіі ды Узбекістана — прыняў 28 ліпеня Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў палітыка, якія прыводзіць яго прэс-служба, гэтыя краіны “прадстаўляюць дзяржавы Глабальнай большасці, роля якой у міжнародных справах імкліва і, галоўнае, заслужана расце”.

“Краіны, якія ўваходзяць у яе, маюць падобныя падыходы да сусветнага парадку, выбудоўвання партнёрства, урэгулявання канфліктаў. Ім уласцівыя павага да нацыянальнага суверэнітэту, непрыманне ціску, дыктату, незаконных санкцый. Беларусь паводле права лічыць сябе часткай гэтай Глабальнай большасці”, — заявіў Лукашэнка.

Звяртаючыся да дыпламата з Паўднёвай Карэі, ён заявіў, што стасункам Беларусі і гэтай краіны ва Усходняй Азіі ўласцівы “здаровы прагматызм”. “Гатовыя развіваць супрацу ў галінах узаемнага інтарэсу, — адзначыў палітык. — Будзем вітаць крокі Сеула па актывізацыі беларуска-карэйскіх сувязяў у першую чаргу ў эканамічнай, тэхналагічнай і інвестыцыйнай сферах”.

З Саудаўскай Аравіяй яму ўяўляецца “вельмі важным” нарошчваць “гандаль і інвестыцыйную супрацу”. “Каб папоўніць скарбонку нашых стасункаў некалькімі гісторыямі поспеху і вывесці беларуска-саудаўскае ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень”, — патлумачыў спікер.

Лукашэнка адзначыў “рост міжнароднай значнасці Бразіліі і яе ўнёску ў фармаванне глабальнага парадку дня”. Для Беларусі гэтая краіна, паводле яго слоў, з’яўляецца “найважнейшым гандлёва-эканамічным партнёрам у заходнім паўшар’і”.

На думку палітыка, “паспяховае развіццё” Перу шмат у чым вызначаецца “паспяховай дынамікай у аграрным сектары, горназдабыўной прамысловасці”. Ён запэўніў дыпламата з гэтай краіны, што Ліма знойдзе ў Беларусі “шырокую лінейку неабходнай для гэтых сфер машынабудаўнічай прадукцыі”.

Звяртаючыся да дыпламата з Манголіі, спікер выказаў спадзеў на тое, што “узаемнае прызначэнне новых актыўных амбасадараў” і пачатак дзеяння Часовага гандлёвага пагаднення паміж ЕАЭС і Улан-Батарам “будуць спрыяць нарошчванню эканамічнай супрацы”.

“Шмат намаганняў прыкладзена ў апошні час для актывізацыі дыялогу з М’янмай у палітычнай, гуманітарнай і, вядома ж, гандлёва-эканамічнай галінах, — нагадаў Лукашэнка. — У працы шэраг канкрэтных праектаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, фармацэўтыцы, гуманітарнай сферы”.

Палітык выказаў жаданне пастаўляць у Лівію сельскагаспадарчую тэхніку і медыкаменты, а таксама нарошчваць экспарт медыцынскіх і іншых паслуг, перадаючы тэхналогіі, навучаць у Беларусі лівійскіх спецыялістаў. На яго думку, умовы для актывізацыі сумеснай працы “самыя спрыяльныя”.

У якасці прыярытэтных сфер у супрацы з Руандай спікер назваў прамысловасць і сельскую гаспадарку, адукацыю, інфармацыйныя тэхналогіі, абарону і бяспеку. “Прапануем разам фармаваць умовы для росту узаемнага гандлю і заснаваць для гэтых мэт сумесную камісію па супрацы”, — сказаў Лукашэнка.

Узбекістан для Беларусі “ёсць ключавой краінай у Цэнтральнай Азіі”, заявіў ён. Нядаўні “гістарычны візіт” прэзідэнта Узбекістана Шаўката Мірзіёева, паводле слоў Лукашэнкі, “азнаменаваў новы этап у двухбаковых стасунках, якія выйшлі на ўзровень стратэгічнага партнёрства”. Палітык лічыць, што гэтаму шмат у чым спрыяе “высокая дынаміка гандлёва-эканамічнай супрацы”, якую Мінск гатовы “ўсяляк пашыраць з акцэнтам на прамысловую кааперацыю”.

На сустрэчы з Мірзіёевым 9 ліпеня Лукашэнка прапанаваў узбекскім працоўным мігрантам прыязджаць у Беларусь з сем’ямі. У той жа дзень бакі заключылі міжурадавае пагадненне аб “арганізаваным наборы і працаўладкаванні” грамадзян Узбекістана для “ажыццяўлення часовай працоўнай дзейнасці ў Беларусі”.

Падзяліцца: