Мінск 11:50

У Гродзенскай вобласці моцны вецер пашкодзіў дахі 145 дамоў, 73 нежылых будынкаў

Ілюстрацыйнае фота: Khamkéo / unsplash.com

28 ліпеня, Позірк. У выніку праходжання навальнічнага фронту з парывамі ветру да 20 метраў на секунду 27 ліпеня ў Гродзенскай вобласці былі пашкоджаныя дахі 145 дамоў і 73 нежылых будынкаў (гаспадарчых пабудоў — 46, сельскагаспадарчых будынкаў — 27), сведчаць аператыўныя даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Пацярпела 17 населеных пунктаў: у Воранаўскім раёне — 11, Шчучынскім — 4, Лідскім — 2.

Акрамя таго, паводле інфармацыі МНС, пашкоджаныя пасевы сельскагаспадарчых культур (кукуруза, цукровыя буракі, азімыя жыта, пшаніца і рапс, белы лубін, бульба, гарох) на палях у Воранаўскім раёне.

Зафіксавана 109 выпадкаў падзення дрэў: у Воранаўскім раёне — 77, Гродзенскім — 10, у Гродне і Шчучынскім раёне — па 8, Мастоўскім — 2, Дзятлаўскім, Зэльвенскім, Іўеўскім і Ашмянскім — па 1.

Дрэвы, што ўпалі, пашкодзілі тры легкавыя аўтамабілі — па адным у Гродзенскім і Іўеўскім раёнах, а таксама ў Гродне. Пацярпелых няма.

Раней прадпрыемства “Гроднаэнерга” паведаміла, што стыхія парушыла электразабеспячэнне ў 94 населеных пунктах вобласці. Моцныя залевы і навальніца выклікалі парушэнні электразабеспячэння ў васьмі раёнах. Найбольш пацярпелі Шчучынскі і Воранаўскі.

Паводле прагнозу “Белгідрамета”, удзень 28 ліпеня на тэрыторыі краіны чакаецца парывісты вецер, у асобных раёнах — моцны парывісты.

Падзяліцца: