Мінск 17:08

Чарговы камбайн загарэўся падчас палявых работ

Відэа: прэс-служба МНС / стоп-кадр: "Позірк"

27 ліпеня, Позірк. Пра чарговы пажар на аб’екце аграпрамысловага комплексу гаворыцца ў апублікаванай 27 ліпеня зводцы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Напярэдадні ўдзень у полі ля вёскі Мсцібава (Ваўкавыскі раён Гродзенскай вобласці) гарэў збожжаўборачны камбайн. Калі падраздзяленні МНС прыбылі на месца здарэння, сельгасмашына “была ахопленая агнём”. Што менавіта было пашкоджана, не паведамляецца, аднак, мяркуючы з відэазапісу, пацярпела як мінімум задняе кола.

За апошнія дні адбылося яшчэ два пажары на аб’ектах АПК.

23 ліпеня ў аднапавярховым блочным будынку нападлогавай зернесушылкі ля вёскі Дайліды (Іўеўскі раён Гродзенскай вобласці) у выніку пажару былі пашкоджаныя лачанне і лакафарбавае пакрыццё металічнага даху на плошчы 13 кв. м.

25 ліпеня на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ля вёскі Мгле (Смалявіцкі раён Мінскай вобласці) было знішчана 10 тон саломы ў рулонах.

Папярэднія выпадкі ўзгарання сельгастэхнікі ў палях адбыліся 17 ліпеня: ля вёскі Шылькі (Докшыцкі раён Віцебскай вобласці) загарэўся кормаўборачны камбайн — агонь пашкодзіў маторны адсек, кабіну і колы; ля вёскі Феліцыянава (Пухавіцкі раён Мінскай вобласці) агонь знішчыў прэс-падборшчык.

Як паведаміў 20 ліпеня на прэс-канферэнцыі ў Мінску намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення нагляду і прафілактыкі МНС Дзяніс Жукоўскі, “найбольш распаўсюджанымі недахопамі ў гарантаванні пажарнай бяспекі [падчас сельгасработ] з’яўляюцца незабеспячэнне гатоўнасці першасных сродкаў супрацьпажарнай абароны”: “Сёлета зафіксавана ўжо 228 такіх фактаў”.

Акрамя таго, выяўлена 63 факты “незабеспячэння суправаджэння збожжаўборачнай тэхнікі пажарнай аварыйна-выратавальнай альбо іншай, прыстасаванай для тушэння пажараў тэхнікай”.

Паводле праведзенага “Позіркам” аналізу даных МНС, у 2025 годзе ў выніку пажараў пацярпела або была знішчана як мінімум 53 адзінкі тэхнікі. Гэта на 27,4% менш, чым за 2024 год (мінімум 73). Сёлета зафіксавана 12 такіх выпадкаў.

У Беларусі працягвае змяншацца колькасць асноўных відаў тэхнікі, машын і абсталявання ў сельскагаспадарчых арганізацыях, паказаў праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

Станоўчых тэндэнцый не назіраецца ад пачатку 1990-х гадоў, у тым ліку і з прыходам да ўлады Аляксандра Лукашэнкі ў 1994 годзе. Толькі за гады яго кіравання колькасць асноўных сельскагаспадарчых машын зменшылася ўтрая.

Стала менш камбайнаў: збожжаўборачных — у 3,3 раза (з 24.017 на канец 1994 года да 7.228 на канец 2025 года), бульбаўборачных — у 16,9 раза (з 7.877 да 467), буракаўборачных — у 8,3 раза (з 1.654 да 200), кормаўборачных — у 2,6 раза (з 9.442 да 3.582), ільноўборачных — у 12,5 раза (з 3.599 да 287).

Колькасць трактароў у гаспадарках зменшылася ў 3,4 раза (са 116.942 да 34.138), грузавых аўтамабіляў — у 4,4 раза (з 66.336 да 15.011).

Даільных установак і агрэгатаў стала менш у 1,8 раза (з 16.121 да 8.769), бульбакапалак — у 15,2 раза (з 10.742 да 709), зернеачышчальных машын — у 1,7 раза (з 9.929 да 5.795).

Яшчэ два паказчыкі прадстаўленыя з 1995 года. За гэты час бульбасадажалак стала менш у 9,8 раза (з 7.613 да 776), зернеачышчальна-сушыльных комплексаў — амаль у 2 разы (з 3.869 да 1.973).

Падзяліцца: