Мінск 23:44

Мігранты паспрабавалі пераправіцца ў Польшчу праз Свіслач, але вярнуліся ў Беларусь

27 ліпеня, Позірк. Пра спробу чатырох мігрантаў, якая адбылася 26 ліпеня, незаконна перасекчы польска-беларускую мяжу ў раёне адказнасці памежнай заставы Баброўнікі, паведаміў 27 ліпеня Падляскі аддзел Памежнай аховы Польшчы.

Паводле даных ведамства, яны спрабавалі нелегальна пераправіцца праз памежную раку Свіслач, аднак “да польскага берага не дабраліся і вярнуліся на тэрыторыю Беларусі”.

З пачатку 2026 года на ўчастку, які ахоўваецца Падляскім аддзелам Памежнай аховы, зафіксавана больш за 260 спробаў незаконнага перасячэння польска-беларускай мяжы. За аналагічны леташні перыяд іх было больш за 16,6 тыс., гаворыцца ў рэлізе.

Як паведамляў “Позірк“, 24 ліпеня Польская памежная ахова зафіксавала адну спробу незаконнай міграцыі з беларускай тэрыторыі пасля 10 дзён спакою.

У цэлым з пачатку ліпеня мігранты больш як 2 тыс. разоў спрабавалі незаконна трапіць з Беларусі ў ЕС.

Міграцыйны крызіс на граніцы Беларусі і краін ЕС прадаўжаецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў лічаць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

Падзяліцца: