Мінск 12:56

За два тыдні ў Беларусь уехала звыш 15 тыс. грамадзян краін Еўропы — даныя Дзяржпагранкамітэта

Ілюстрацыйнае фота: прэс-служба Дзяржпагранкамітэта

27 ліпеня, Позірк. З 13 па 27 ліпеня ў бязвізавым парадку ў Беларусь уехала 15.652 жыхары еўрапейскіх краін, сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Дзяржаўнага пагранічнага камітэта.

За мінулыя два тыдні ў Беларусь прыбыў 4.841 грамадзянін Літвы, 5.232 грамадзяніны і неграмадзяніны Латвіі, 1.847 грамадзян Польшчы, 3.732 грамадзяніны іншых еўрапейскіх дзяржаў са спісу пашыранага бязвізу.

З сярэдзіны вясны 2022 года Беларусь наведала 1.390.729 жыхароў Еўропы. З Латвіі прыбыла 444.399 замежнікаў, Літвы — 709.703, Польшчы — 154.807. У рамках пашыранага бязвізу для 35 еўрапейскіх дзяржаў з сярэдзіны лета 2024 года ў Беларусь уехала 81.820 чалавек.

Для жыхароў Літвы і Латвіі бязвізавы рэжым дзейнічае з 15 красавіка 2022 года, Польшчы — з 1 ліпеня таго ж года, яшчэ 35 краін Еўропы — з 19 ліпеня 2024-га.

9 снежня 2025 года Аляксандр Лукашэнка падоўжыў бязвізавы ўезд для грамадзян 38 еўрапейскіх краін да 31 снежня 2026 года ўключна.

Пашыраны бязвіз тычыцца жыхароў Андоры, Аўстрыі, Бельгіі, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Ватыкана, Венгрыі, Вялікабрытаніі, Германіі, Грэцыі, Даніі, Ірландыі, Ісландыі, Іспаніі, Італіі, Кіпра, Люксембурга, Ліхтэнштэйна, Мальты, Манака, Нарвегіі, Нідэрландаў, Партугаліі, Паўночнай Македоніі, Румыніі, Сан-Марына, Славакіі, Славеніі, Фінляндыі, Францыі, Харватыі, Чэхіі, Швейцарыі, Швецыі і Эстоніі.

Большасць гэтых краін рэжым Лукашэнкі лічыць “недружалюбнымі” за тое, што ўвялі санкцыі альбо далучыліся да іх.

Падзяліцца: