Мінск 10:21

Вальфовіч: Армія – не калонія для выпраўлення, але яна заўсёды была за дысцыпліну

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч
Архіўнае відэа: тэлеканал "Першы інфармацыйны" / стоп-кадр: "Позірк"

27 ліпеня, Позірк. “Варта аднаго-двух дармаедаў забраць, паставіць у строй для выхавання”, — такім чынам дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч пракаментаваў тэлеканалу “Беларусь 1” распараджэнне Аляксандра Лукашэнкі пра адпраўку “недысцыплінаваных” удзельнікаў уборачнай кампаніі ў войска — на мяжу (сюжэт выйшаў у эфір 26 ліпеня).

“Армія, вядома, гэта не калонія для выпраўлення, але армія заўсёды была за дысцыпліну, прывучалася да дысцыпліны”, — заявіў чыноўнік.

Паводле яго слоў, “там, дзе чалавек у пагонах, расхлябанасць проста немагчымая і недапушчальная”.

“Таму, я думаю, што гэта будзе садзейнічаць выхаванню нашага грамадства, прывучанню да дысцыпліны, уборцы нашага хлеба на належным узроўні і ў тэрміны, самае галоўнае”, — лічыць Вальфовіч.

Як паведамляў Позірк, на селектарнай нарадзе 21 ліпеня Аляксандр Лукашэнка распарадзіўся накіроўваць у войска тых, хто “дрэнна працуе” і парушае працоўную дысцыпліну падчас уборачнай кампаніі. Гэтыя людзі, паводле яго слоў, павінны праходзіць кароткую падрыхтоўку і накіроўвацца ў вайсковыя падраздзяленні, размешчаныя ля ўкраінскай мяжы. Палітык таксама запатрабаваў накіроўваць чыноўнікаў на працу ў сельгасарганізацыі, прыгразіўшы за невыкананне гэтых указанняў службай у войску.

“Ну, чаго мы будзем пры дэфіцыце кадраў кайданкі начапляць? Папрасіце [міністра абароны Віктара] Хрэніна, даручэнне яму маё перадайце: усіх, хто не ўмее працаваць, — у войска і на паўднёвую мяжу. У лес. Там нашы хлопцы, Сілы спецыяльных аперацый, на мой загад разгрупаваныя па ўкраінскай мяжы”, — сказаў Лукашэнка.

22 ліпеня Хрэнін прадставіў Лукашэнку прапановы па прыцягненьні вайсковых камісараў да выканання даручэньня пра накіраванне ў войска работнікаў, якія праявілі нядобрасумленнасьць і недысцыплінаванасць падчас уборачнай кампаніі.

24 ліпеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў на пасяджэнні калегіі УУС Гродзенскага аблвыканкама выказаў меркаванне, што праблема дысцыпліны падчас уборачнай кампаніі (крадзеж гаруча-змазачных матэрыялаў, з’яўлення на працы ў нецвярозым стане) з’яўляецца “застарэлай” і стала для многіх на вёсцы “нормай жыцця”, заклікаўшы змагацца з ёю.

За пяць гадоў колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 5,6%

10 ліпеня, Позірк. З 285.644 чалавек, звольненых у Беларусі ў студзені — траўні 2026 года, за прагул і іншыя парушэнні працоўнай дысцыпліны працы пазбавілася 5,3% (15 055), праз ліквідацыю арганізацыі, скарачэнне колькасці або штата — 0,8% (2 376), сведчыць праведзены …
Падзяліцца: