Мінск 01:34

Перададзены Польшчай у Беларусь у рамках абмену агент Надзейка паведамляў КДБ прозвішчы ўдзельнікаў “Паспалітага рушэння” — СМІ

Уладзіслаў Надзейка пасля абмену і вяртання ў Беларусь
Відэа: TVP / стоп-кадр: "Позірк"

26 кастрычніка, Позірк. Падрабязнасці супрацоўніцтва з Камітэтам дзяржбяспекі грамадзяніна Беларусі Уладзіслава Надзейкі паведаміў у рэпартажы “Nowa zimna wojna” (“Новая халодная вайна”) увечары 25 кастрычніка польскі тэлеканал TVP.

У рэпартажы гаворыцца, што Надзейка пераехаў у Польшчу з Гродна пасля падзей 2020 года. Пражываў у Беластоку, “шпіёнскую дзейнасць” ажыццяўляў, маскіруючыся пад кіроўцу таксі.

Знаёмая мужчыны на ўмовах ананімнасці паведаміла аўтарам рэпартажу, што пасля размоваў з Надзейкам да яе бацькі ў Беларусі прыходзілі супрацоўнікі КДБ. “Яны ведалі пра мяне ўсё. Што я была валанцёрам, што была ў палку (верагодна, гаворка пра полк Каліноўскага. — “Позірк”.)”, — сказала яна.

“У яго была легенда, што ён такі бедны таксіст, у яго наогул няма грошай. Бачна было, як ён працуе — ён наогул не працуе”, — адзначыла яна, падкрэсліўшы, што лад жыцця Надзейкі ўказваў на немалыя выдаткі: на арэнду аўтамабіля таксі, кватэры, “алкаголь кожны дзень, наркотыкі”.

“Ён казаў, што раней займаўся кантрабандай цыгарэт. Казаў, што мае столькі грошай, што хопіць да канца жыцця”, — паведаміла жанчына.

У сюжэце звяртаецца ўвага, што Надзейка пражываў у Беластоку ў “люксавых апартаментах у самым цэнтры горада”, за арандаванае жыллё плаціў гатоўкай.

Будучы ўдзельнікам “Паспалітага рушэння” — спартыўна-патрыятычнай арганізацыі, якая займалася ў Польшчы фізічнай і мілітарнай падрыхтоўкай беларусаў (спыніла дзейнасць у жніўні 2025-га) — мужчына перадаваў КДБ прозвішчы яе членаў, адзначаецца ў рэпартажы.

Паведамляецца, што з супрацоўнікамі КДБ Надзейка сустракаўся ў Будапешце, дзе ў часы праўлення прэм’ер-міністра Віктара Орбана беларускія і расійскія спецслужбы пачуваліся ў бяспецы.

Таксама ў сюжэце паведамляецца, што з КДБ супрацоўнічаў былы намеснік дырэктара Службы інфармацыі і бяспекі (СІБ) Малдовы Аляксандр Балан, затрыманы ў верасні 2025 у Румыніі. Месцам іх сустрэч таксама быў Будапешт, названыя супрацоўнікі беларускай спецслужбы, якія прыязджалі туды на аўтамабілі — Уладзімір Варажбітаў, Уладзімір Ярмак і Мікалай Дукшта.

28 красавіка на беларуска-польскай мяжы адбыўся “шпіёнскі” абмен “5 на 5”. Польскаму боку былі перададзеныя журналіст Анджэй Пачобут (быў асуджаны восем гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў нанясенні шкоды нацыянальнай бяспецы і распальванні варожасці), польскі манах-кармеліт Гжэгаж Гавел (абвінавачваўся ў шпіянажы, суд на момант вызвалення не адбыўся), грамадзянін Польшчы Томаш Бероза (14 гадоў пазбаўлення волі па абвінавачванні ў шпіянажы і агентурнай дзейнасці), а таксама два грамадзяніны Малдовы, якія былі затрыманыя ў РФ і абвінавачаныя ў шпіянажы.

Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі “Паспалітае рушэнне” Уладзіслава Надзейку, былога намесніка кіраўніка Службы інфармацыі і бяспекі Малдовы Аляксандра Балана, расійскага археолага Аляксандра Буцягіна (быў затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анексаваным РФ паўвостраве Крым), жонку расійскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сепаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову і былога супрацоўніка амбасады Казахстана ва Украіне Ануара Бакібая, які са жніўня мінулага года знаходзіўся ў Польшчы пад вартай паводле абвінавачвання ў шпіянажы.

Аб затрыманні беларускага грамадзяніна “Уладзіслава Н.” і змяшчэнні яго пад варту на тры месяцы 10 верасня 2025 года паведаміла Агенцтва ўнутранай бяспекі Польшчы (АЎБ). Адзначалася, што ён ажыццяўляў выведвальную дзейнасць на тэрыторыі Польшчы і Венгрыі, а затрыманне беларуса стала вынікам “працяглай аперацыі, праведзенай АЎБ сумесна з чэшскімі, венгерскімі, румынскімі і малдаўскімі спецслужбамі”.

23 верасня 2025 года паведамлялася, што ва Уладзіслава Н. знойдзены спіс суайчыннікаў, якія атрымалі ў Польшчы прытулак. Адзначалася, што на замову КДБ Беларусі мужчына сачыў за фігурантамі спісу, збіраў на іх дасье і перадаваў у Мінск.

Падзяліцца: