Мінск 13:29

За выплату шэрых заробкаў больш як 130 таксістам у дачыненні да кіраўніка гродзенскай кампаніі распачатая крымінальная справа — КДК

Ілюстрацыйнае фота: Лізавета Кобецкая / sb.by

27 ліпеня, Позірк. Крымінальная справа распачатая ў дачыненні да дырэктара гродзенскай кампаніі, якая аказвае паслугі пасажырскіх перавозак аўтамабілямі-таксі, паведаміла 27 ліпеня прэс-служба Камітэта дзяржаўнага кантролю.

Кіраўнік арганізацыі абвінавачаны ў выплаце больш як 130 кіроўцам заробку “ў канвертах” на працягу 2023–2025 гадоў. Агулам без уліку работнікам было выплачана больш за 1,4 млн рублёў.

Нанесеная дзяржаве “шкода ў выглядзе не ўтрыманага і не пералічанага ў бюджэт падаходнага падатку з фізічных асоб” ацэньваецца ў суму больш за 190 тыс. рублёў.

У красавіку КДК таксама паведамляў пра адкрыццё крымінальнай справы за выплату шэрага заробку ў дачыненні да кіраўніка гродзенскай кампаніі, якая займаецца перавозкамі. Паводле інфармацыі ведамства, больш як 30 кіроўцаў маршрутных таксі гэтай кампаніі атрымлівалі заробак “у канвертах”.

Сцвярджалася, што без адлюстравання ва ўліку прадпрыемства ім было выплачана больш за 860 тысяч рублёў. Нанесеная дзяржаве шкода склала больш за 110 тыс. рублёў.

Напрыканцы чэрвеня Генеральная пракуратура паведаміла пра накіраваную ў суд крымінальную справу ў дачыненні да “фактычнага кіраўніка камерцыйных арганізацый”, звязаных з пасажырскімі перавозкамі, “і 10 саўдзельнікаў”.

У першай палове 2026 года органамі Камітэта дзяржкантролю па фактах выплаты заробкаў “у канвертах” праведзена 38 праверак, выяўлена 108 злачынстваў, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 24 ліпеня намеснік начальніка аддзела Дэпартамента фінансавых расследаванняў КДК Юрый Кардымон.

Падзяліцца: