МУС: Выкрыта маштабная карупцыйная схема — распачата 45 крымінальных спраў у дачыненні да 44 прадстаўнікоў шматлікіх галін

27 ліпеня, Позірк. Пра затрыманне службовых асоб прадпрыемстваў аграпрамысловага і паліўна-энергетычнага комплексаў, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, будаўніцтва, транспарту, адукацыі ды іншых галін паведаміла 27 ліпеня прэс-служба Міністэрства ўнутраных спраў.
Паводле інфармацыі МУС, у выніку сумеснай працы міжведамаснай групы Генпракуратуры і УБЭЗ ГУУС Мінска было высветлена, што “на працягу некалькіх гадоў фігуранты сістэматычна атрымлівалі незаконныя ўзнагароды ад удзельнікаў тэндараў у абмен на гарантаванае прасоўванне іх камерцыйных інтарэсаў”.
Сцвярджаецца таксама, што яны “забяспечвалі выбар “патрэбных” арганізацый у якасці пастаўшчыкоў будматэрыялаў, электраабсталявання і запчастак, садзейнічалі бесперашкоднай прыёмцы тавараў і кантралявалі своечасовую аплату паставак”.
Сукупны аб’ём хабару перавысіў 750 тыс. рублёў, адзначае ведамства.
“Арганізатарам схемы выступіў заснавальнік шэрагу камерцыйных арганізацый: ён распрацаваў механізм размеркавання незаконных выплат, уключаючы адмысловую формулу разліку сумаў узнагарод, — гаворыцца ў паведамленні. — Перадаваць хабары яму дапамагалі падначаленыя, якія адказвалі за падбор контрагентаў і каардынацыю ўзаемадзеяння са службовымі асобамі. Падчас вобшуку ў офісе фірмы аператыўнікі вынялі дакументы “чорнай бухгалтэрыі”, якія ўрымліваюць даныя пра сумы заключаных здзелак і выплачаных адкатаў”.
У дачыненні да 44 фігурантаў (узрост — ад 31 да 65 гадоў) распачата 45 крымінальных спраў за хабарніцтва. Многія з іх затрыманыя “непасрэдна пры здзяйсненні злачынства”, частка арыштаваная, заявіла МУС.
Група працягвае высвятляць “дадатковыя эпізоды і круг датычных”.
Як паведамляў “Позірк”, паводле статыстычных даных Вярхоўнага суда, за першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га.
Агулам за гэты перыяд за карупцыю асуджана 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).
Часцей за ўсё прыгаворы выносіліся па справах аб хабарах (арт. 430 КК) — 150 (93), крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі (арт. 210 КК) — 122 (133), перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў (ч. арт. 426) — 28 (45).
За дачу хабару асуджаны 21 чалавек (12), за пасрэдніцтва ў хабарніцтве — 4 (1), за бяздзейнасць службовай асобы — 2.
Пакаранне ў выглядзе абмежавання волі прызначанае 116 асуджаным (87): 11 — з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (7), 105 — без накіравання (80).
Паводле звестак ВС, у 2025 годзе за здзяйсненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгаворана да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.
Летась самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш за 30 гадоў карупцыя так і не была пераможаная.
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала адну спробу незаконнай міграцыі пасля 10 дзён адсутнасці актыўнасці на мяжы з БеларуссюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства



