Мінск 13:23

Кіраўнікі ашуканскай сеткі асуджаныя на 6–11,5 года зняволення, удзельнікі атрымалі ўдвая меншы тэрмін — пракуратура

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / magnific.com

28 ліпеня, Позірк. Мінскі гарадскі суд агалосіў прыгавор па справе міжнароднай сеткі ашуканскіх кол-цэнтраў, у рамках якой на лаве падсудных апынулася паўсотні чалавек, вынікае з апублікаванага 28 ліпеня паведамлення прэс-службы Генеральнай пракуратуры.

Паводле інфармацыі нагляднага органа, 15 кіраўнікоў сеткі прыгавораныя да працяглых тэрмінаў зняволення — ад 6 гадоў да 11 гадоў і 6 месяцаў, а таксама аштрафаваныя на 1.000–10.000 базавых велічынь (45.000–450.000 рублёў).

39 удзельнікаў групы асуджаныя на тэрміны ад 3 гадоў і 3 месяцаў да 7 гадоў і 6 месяцаў пазбаўлення волі. Штрафы — ад 600 да 4.000 б.в. (27.000–180.000 рублёў).

Фігуранты “прызнаныя вінаватымі ў кіраўніцтве структурнымі падраздзяленнямі злачыннай арганізацыі, удзеле ў яе дзейнасці ў любой іншай форме ды ашуканскім завалоданні маёмасцю ў буйным і асабліва буйным памерах, здзейсненым арганізаванай групай”.

Суд таксама задаволіў іскавыя патрабаванні пацярпелых — з фігурантаў справы “салідарна ў кошт пакрыцця матэрыяльнай шкоды спагнана больш за 2,2 млн рублёў, а таксама 15 тыс. рублёў матэрыяльнай кампенсацыі маральнай шкоды”.

Прыгавор не набыў моц і можа быць абскарджаны.

Адзначаецца, што офісы арганізацыі знаходзіліся ў Маскве, Бішкеку і Мінску і “мелі аднолькавую структуру і функцыянал”. На судзе было высветлена, што на працягу 2017–2024 гадоў фігуранты тэлефанавалі грамадзянам краін СНД і Еўрасаюза праз IP-тэлефанію.

“Яны паведамлялі загадзя ілжывую інфармацыю пра магчымасць атрымання пасіўнага даходу за кошт інвеставання грошай у фінансавыя праекты, якія на самай справе не існавалі. Далей схілялі людзей да ўнясення грашовых сродкаў на рахункі, падкантрольныя кіраўнікам злачыннай арганізацыі, — гаворыцца ў паведамленні. — У большасці выпадкаў грамадзяне, якім тэлефанавалі фігуранты, былі людзьмі сталага веку і абсалютна некампетэнтнымі ў сферы інвестыцый, не ўсведамлялі ўсіх рызыкаў, а таму, паддаўшыся на размешчаную ў сетцы Інтэрнэт рэкламу сайтаў-пастак і ўгаворы так званых брокераў, аддавалі ім свае ашчаджэнні”.

Агульны памер нанесенай шкоды перавысіў 2 млн рублёў.

Папярэдняе следства вялося паўтара года, судовае разбіральніцтва — дзевяць месяцаў.

Варта адзначыць, што ўлетку 2025 года Генпракуратура паведамляла пра 55 абвінавачаных. Сума шкоды ад іх дзеянняў на той момант ацэньвалася ў 2,5 млн рублёў.

Доля кіберзлачынстваў па выніках студзеня — траўня 2026 года перавысіла траціну ўсіх зарэгістраваных у Беларусі злачынстваў і дасягнула 33,4%, вынікае з даных МУС, што ўключаныя ў матэрыялы для выкарыстання прапагандыстамі ў рамках ліпеньскага “адзінага дня інфармавання насельніцтва”.

У 2023 годзе, згодна з інфармацыяй міліцэйскага ведамства, удзельная вага кіберзлачыннасці складала 21,5%, у 2024-м — 27,5%, у 2025-м — 29,7%. У 2026 годзе штотыдзень здзяйсняецца ў сярэднім 359 кіберзлачынстваў, або больш за 50 у дзень.

Праблема росту кіберзлачыннасці дасягнула такіх маштабаў, што НДІ тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання, якія рыхтуюць матэрыялы для дзён інфармавання, звярнуліся да яе другі раз за апошнія дзевяць месяцаў: у лістападзе 2025-га тэма называлася “Кібербяспека і прафілактыка кіберзлачыннасці”.

Паводле даных МУС, ахвярамі кіберзлачынцаў часцей за ўсё становяцца маладыя людзі ва ўзросце ад 18 да 29 гадоў (удзельная вага 29,3%).

За пяць месяцаў 2026 года на 69,6% (са 158 да 268) вырасла колькасць непаўналетніх, прызнаных пацярпелымі ад кіберзлачынстваў.

Больш за 80% кіберзлачынстваў складаюць тры іх віды: ілжэпрадажа тавару онлайн (37,6%), вішынг ад імя службовых асоб (33,8%), крадзеж з выкарыстаннем сацыяльных сетак (9,7%).

Падзяліцца: