Мінск 18:09

Кіраўнік Мінэканомікі пра планы ўрада на 2027 год: экспарт вырасце на 2,9%, інвестыцыі — на 3,1%, заробкі — на 3,4%, цэны — на 6%

Ілюстрацыйнае фота: Aaron Lefler / unsplash.com

29 ліпеня, Позірк. Урад плануе, што валавы ўнутраны прадукт па выніках 2027 года складзе каля 360 млрд рублёў, заявіў міністр эканомікі Юрый Чабатар на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў.

Як перадае прэс-служба Мінэканомікі, чыноўнік падкрэсліў, што параметры прагнозу-2027 вызначаны пад задачы праграмы пяцігодкі з улікам “бягучых і прагназаваных знешніх умоў, якія складаюцца”.

У прыватнасці, прагназуецца рост экспарту тавараў і паслуг на 2,9%, інвестыцый — на 3,1%, цэн — не больш як на 6%.

Чабатар заявіў пра новы падыход, які базуецца “на трох прынцыпах: будаваць хутчэй, уводзіць хутчэй магутнасці, атрымліваць эфект ад праектаў і вытворчасцей раней”.

“Адпаведна ставім тры задачы: хутчэй выйсці на заяўленыя магутнасці па ўжо рэалізаваных праектах, паскорыць завяршэнне інвестпраектаў, забяспечыць паскораны старт новых бізнес-ідэй. Усяго трэба будзе ажыццявіць рэалізацыю больш як 650 інвестыцыйных праектаў рэгіянальных і галіновых планаў на 2027 год”, — сказаў міністр.

Паводле яго слоў, асобы акцэнт у праграме зроблены на “больш дынамічным, амаль удвая большым за таварны, экспарце паслуг”. Асноўнымі драйверамі тут ён назваў ІТ-сферу, турызм, транспарт, адукацыю і медыцыну.

Кіраўнік Мінэканомікі лічыць, што рэалізацыя пералічаных праграм дазволіць “забяспечыць рост рэальных наяўных грашовых даходаў насельніцтва”.

“Плануецца, што сярэдні заробак па эканоміцы будзе з ростам +3,4% у рэальным выражэнні. Узрасце пакупніцкая здольнасць насельніцтва ва ўмовах запавольвання інфляцыі”, — рэзюмаваў чыноўнік.

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам найважнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2026 год, валавы ўнутраны прадукт павінен павялічыцца на 2,8%, інвестыцыі за кошт усіх крыніц фінансавання — на 3,1%, экспарт тавараў і паслуг — на 3,7% (з пераважным нарошчваннем яго фізічных аб’ёмаў), рэальныя наяўныя грашовыя даходы насельніцтва — на 4,8%, інфляцыя — не больш як 7%, міжнародныя рэзервовыя актывы — не менш як 9,2 млрд долараў.

Паводле вынікаў 2020 года ВУП складаў 149 млрд 720,8 млн, 2021-га — 176 млрд 879 млн, 2022-га — 193 млрд 741 млн, 2023-га — 217 млрд 969 млн, 2024-га — 255 млрд 124,2 млн, 2025-га — 286 млрд 652,4 млн.

Падзяліцца: