Былы дырэктар гродзенскага мясакамбіната абвінавачваецца ў атрыманні хабараў на 1,8 млн рублёў — верагодна, гэта экс-дэлегат УНС Іваноў

29 ліпеня, Позірк. У Вярхоўны суд накіравана крымінальная справа былога генеральнага дырэктара ААТ “Гродзенскі мясакамбінат“, які абвінавачваецца ў атрыманні хабараў у буйным і асабліва буйным памерах паводле ч. 2 і ч. 3 арт. 430 КК, паведамляе Генеральная пракуратура.
Згодна з матэрыяламі справы, абвінавачаны з 1 ліпеня 2019 года да 28 траўня 2025 года прыняў ад кіраўнікоў пяці суб’ектаў гаспадарання ў якасці хабару крыптавалюту і грашовыя сродкі на агульную суму 1,8 млн рублёў.
Адметна, што “да здзяйснення злачынства кіраўнік прыцягнуў непаінфармаваную аб характары яго дзеянняў дачку, на крыптагаманцы і банкаўскія рахункі якой, а таксама ёй асабіста пералічваліся незаконныя ўзнагароды”.
Адзначаецца, што ўсе хабары атрыманы за арганізацыю закупак мясакамбінатам у канкрэтных прадпрыемстваў комплексных харчовых дабавак.
Абвінавачаны заключыў з пракурорам дасудовае пагадненне аб супрацоўніцтве, гаворыцца ў паведамленні. Умовы пагаднення ён “выканаў у поўным аб’ёме” — “аказаў садзейнічанне пры расследаванні злачынстваў, заплаціў атрыманы злачынным шляхам даход, а таксама паведаміў аб іншых супрацьпраўных дзеяннях”.
Фігурант справы знаходзіцца пад вартай.
Імя абвінавачанага не называецца, аднак дырэктарам камбіната з 2019 да кастрычніка 2025 года быў Алег Іваноў 1978 года нараджэння.
Іваноў быў дэлегатам шостага і сёмага Усебеларускага народнага сходу, членам рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Белая Русь” і членам Савета Рэспублікі.
У лістападзе 2025 года ў Нацыянальным рэестры прававых актаў апублікавалі пастанову пра датэрміновае спыненне паўнамоцтваў члена Савета Рэспублікі на падставе асабістай заявы Іванова аб складанні паўнамоцтваў.
Узнагароджаны падзякай старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта, ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, лістом падзякі старшыні адміністрацыі Ленінскага раёна Гродна.
За першыя шэсць месяцаў 2026 года на 12,5% павялічылася колькасць асуджаных за карупцыйныя злачынствы ў параўнанні з аналагічным перыядам 2025-га, вынікае са статыстыкі Вярхоўнага суда.
Усяго за гэты перыяд за карупцыю асуджаныя 342 чалавекі (у студзені — чэрвені 2025 года — 304).
Паводле даных Вярхоўнага суда, у 2025 годзе за ўчыненне карупцыйных злачынстваў асуджана 657 асоб — на 7,3% менш, чым у 2024-м (709). З асуджаных 199 чалавек прыгаворана да розных тэрмінаў пазбаўлення волі. Пазбаўленне права займаць пэўную пасаду або займацца пэўнай дзейнасцю ў якасці асноўнай меры пакарання прызначана 17 асобам, у якасці дадатковай — 557.
Летась самы буйны хабар быў атрыманы ў крыптавалюце — на суму, эквівалентную 360 тыс. долараў, паведаміў у сакавіку прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС Дзяніс Гарлуковіч.
Аляксандр Лукашэнка прыйшоў да ўлады ў 1994 годзе шмат у чым дзякуючы вобразу змагара з карупцыяй і працягвае выкарыстоўваць гэтую тэму. За больш як 30 гадоў карупцыя так і не была пераможана.

- Палітыка, ЭканомікаПакістанская кампанія шукае 96 чалавек для працы ў Беларусі, у асноўным — на будоўлі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаПольшча зафіксавала рэкордную за апошнія 130 дзён колькасць спробаў нелегальнай міграцыі з тэрыторыі Беларусі (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства


