Мінск 13:53

Беларусь наведае дэлегацыя Арабскага парламента на чале з яго старшынёй — членам Федэральнага нацсавета ААЭ

Старшыня Арабскага парламента Мухамед Ахмед аль-Ямахі
Фота: прэс-служба парламента Азербайджана

11 ліпеня, Позірк. Дэлегацыя Арабскага парламента наведае Беларусь 19–23 ліпеня, вынікае з графіка працы на сайце Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

Чакаецца, што дэлегацыю ўзначаліць старшыня згаданай структуры — член Федэральнага нацыянальнага савета Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Мухамед Ахмед аль-Ямахі.

Арабскі парламент — гэта заканадаўчы і кансультатыўны орган Лігі арабскіх дзяржаў. Складаецца з 88 членаў — па чатыры ад кожнай з 22 краін аб’яднання.

Цяпер прадстаўлены 72 дэлегатамі з ААЭ, Алжыра, Амана, Бахрэйна, Джыбуці, Егіпта, Емена, Іарданіі, Ірака, Катара, Лівіі, Марока, Маўрытаніі, Палестыны, Самалі, Саудаўскай Аравіі, Саюза Каморскіх Астравоў і Туніса. Яшчэ 16 чальцоў з Кувейта, Лівана, Сірыі, Судана ў працэсе прызначэння.

Ліга арабскіх дзяржаў — міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае згаданыя краіны (некаторыя з іх не арабскія, але арабская мова там адна з афіцыйных). Створаная 22 сакавіка 1945 года. Ідэя наднацыянальнага парламента ўзнікла праз 10 гадоў пасля з’яўлення Лігі.

Падзяліцца: