Мінск 19:23

Эксперты Савета Еўропы: Перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь можа кваліфікавацца як гандаль людзьмі

Фота: magnific.com

10 ліпеня, Позірк. Група экспертаў Савета Еўропы (СЕ) па барацьбе з гандлем людзьмі (GRETA) заявіла пра рызыкі такога гандлю ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей, перамешчаных у Беларусь з акупаваных тэрыторый Украіны, і заклікала Мінск прыняць меры для іх абароны. Пра гэта паведамляецца ў прэс-рэлізе на сайце СЕ.

У заяве GRETA ад 9 ліпеня гаворыцца, што незаконная дэпартацыя і прымусовае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей ствараюць рызыкі гандлю людзьмі і могуць падпадаць пад вызначэнне гэтага злачынства ў адпаведнасці з артыкулам 4 Канвенцыі СЕ аб барацьбе з гандлем людзьмі.

Заява апублікаваная ў гадавіну рашэння Еўрапейскага суда па правах чалавека ад 9 ліпеня 2025 года па справе “Украіна і Нідэрланды супраць Расіі”. Суд устанавіў, што практыка перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый у Расію ці падкантрольныя ёй раёны, якая суправаджалася мерамі для іх наступнага ўсынаўлення ў РФ, парушала Еўрапейскую канвенцыю па правах чалавека.

Эксперты адзначаюць, што незаконна перамешчаныя дзеці аказваюцца ў сітуацыі павышанай уразлівасці праз разрыў сямейных сувязяў, ізаляцыю ў закрытых установах, змену іх прававога статусу і адсутнасць незалежнага маніторынгу.

У дакладзе апісаныя распаўсюджаныя практыкі, якія могуць павышаць рызыку эксплуатацыі дзяцей. Сярод іх — перамяшчэнне ў зачыненыя лагеры і ўстановы пад выглядам эвакуацыі або адпачынку, магчымае прыцягненне да прымусовай працы і хатняй працы, канфіскацыя дакументаў, змяненне грамадзянства і ўмоў апекі, а таксама незаконныя ўсынаўленні.

У некаторых выпадках дзеці, вернутыя ва Украіну, былі прызнаныя ўкраінскімі ўладамі ахвярамі гандлю людзьмі пасля ўстанаўлення ўсіх неабходных юрыдычных прыкмет, уключаючы наяўнасць мэты эксплуатацыі.

GRETA адзначае, што праз адсутнасць доступу да дзяцей, недахоп маніторынгу і разрозненасць інфармацыі паміж рознымі юрысдыкцыямі ўстанавіць мэту эксплуатацыі бывае складана. Аднак самі абставіны незаконнага перамяшчэння ўжо ствараюць для дзяцей павышаныя рызыкі праз аддзяленне ад сем’яў, ізаляцыю і адсутнасць незалежнага кантролю.

Савет Еўропы ўказвае, што незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей не абмяжоўвалася акупаванымі тэрыторыямі Украіны і Расіяй. Паводле звестак GRETA, яно таксама ўключала іх перамяшчэнне ў Беларусь.

Як дзяржава — удзельнік Канвенцыі Савета Еўропы аб барацьбе з гандлем людзьмі Беларусь павінна прадухіляць рызыкі гандлю дзецьмі, выяўляць магчымых ахвяр, забяспечваць ім дапамогу і прыцягваць да адказнасці асоб, якія маюць дачыненне да такіх дзеянняў, гаворыцца ў заяве GRETA.

Падзяліцца: