Мінск 18:05

У Беларусі пачаў працу паліцэйскі аташэ Грузіі — яго абвінавачваюць у пераследзе журналісткі Амаглабелі

Фота: МУС

11 верасня, Позірк. Да працы ў Беларусі ў якасці паліцэйскага аташэ амбасады Грузіі ў Мінску прыступіў Давіт Атабегашвілі, ён будзе адказваць за сувязь з сілавымі органамі Беларусі, вынікае з паведамлення Міністэрства ўнутраных спраў.

Адзначаецца, што 11 верасня амбасадар Грузіі Гіоргі Саганелідзэ прадставіў Атабегашвілі кіраўніку МУС Івану Кубракову.

Кубракоў, як заяўлена, “выказаў упэўненасць, што сустрэча надасць новы імпульс адносінам паміж сілавымі органамі дзвюх дзяржаў”. Таксама ён паведаміў аб дэпартацыі з Грузіі ў Беларусь 11 верасня “асобы, якая адшуквалася за здзяйсненне нарказлачынстваў“.

Міністр заявіў аб наяўнасці ў беларускага боку “добрых напрацовак па супрацьдзеянні экстрэмізму і тэрарызму, іншых напрамках службовай дзейнасці”. Паводле слоў Кубракова, МУС Беларусі гатова падзяліцца досведам з грузінскімі калегамі.

Аб прызначэнні Атабегашвілі паліцэйскім аташэ амбасады Грузіі ў Беларусі “Позірк” паведамляў красавіку 2025 года. Выданне Batumelebi тады заявіла, што ён “быў асабліва агрэсіўны” ў дачыненні да ўдзельнікаў праеўрапейскіх акцый пратэсту ў Батумі, а таксама адкрыта заяўляў, што “Еўропа аддае перавагу Расіі”.

Сцвярджалася, што менавіта Атабегашвілі аддаў загад затрымаць журналістку Мзію Амаглабелі падчас пратэстнай акцыі 11 студзеня 2025 года, а затым на працягу дзвюх гадзін утрымліваць яе ў аддзяленні з закутымі ў кайданкі за спіной рукамі. У жніўні таго ж года Амаглабелі была абвінавачаная ў нападзе на паліцэйскага і прысуджаная да двух гадоў пазбаўлення волі.

За дачыненне да пераследу Амаглабелі 4 сакавіка мінулага года Атабегашвілі быў уключаны ў санкцыйныя спісы Літвы, Латвіі і Эстоніі.

16 снежня мінулага года ў Еўрапарламенце калегу Мзіі Амаглабелі і дачцэ актывіста Саюза палякаў Беларусі і журналіста Анджэя Пачобута, які таксама знаходзіўся тады ў зняволенні, была ўручаная прэмія Сахарава.

Падзяліцца: