Мінск 18:13

Па выніках ліпеня Беларусь была на перадапошнім месцы ў ЕАЭС па дынаміцы цэн на прампрадукцыю

11 верасня, Позірк. У ліпені цэны вытворцаў прамысловай прадукцыі ў Еўразійскім эканамічным саюзе знізіліся на 2,6% у параўнанні з папярэднім месяцам, вынікае з праведзенага “Позіркам” параўнання даных Еўразійскай эканамічнай камісіі.

У справаздачным месяцы цэны выраслі толькі ў Арменіі (+0,5%), у іншых дзяржавах ЕАЭС адзначана зніжэнне: у Беларусі — на 0,4%, Расіі — на 2,5%, Казахстане — на 4,9%, Кыргызстане — на 5%.

З пачатку года ў краін былі такія паказчыкі: Кыргызстан (+2,7%), Беларусь (+3,9%), Арменія (+5%), Казахстан і Расія (па + 6,9%).

У гадавым вымярэнні (да ліпеня 2025-га) сітуацыя наступная: Кыргызстан (+25,9%), Казахстан (+9,1%), Арменія (+8,5%), Расія (+6,6%), Беларусь (+3,9%).

У студзені — ліпені 2026 года вытворчасць прамысловай прадукцыі ў ЕАЭС у гадавым вымярэнні павялічылася на 0,4%, вынікае са звестак Еўразійскай эканамічнай камісіі.

Рост зафіксаваны ва ўсіх дзяржавах: у Кыргызстане — на 11,2%, Арменіі — на 9,5%, Казахстане — на 3%, Беларусі і Расіі — на 0,1%.

ЕАЭС — арганізацыя рэгіянальнай эканамічнай інтэграцыі, якая валодае міжнароднай правасуб’ектнасцю. Яе паўнапраўнымі членамі з’яўляюцца Беларусь, Казахстан і Расія (з 1 студзеня 2015 года), Арменія (з 2 студзеня 2015 года) і Кыргызстан (з 12 жніўня 2015 года).

Краіны-назіральнікі — Іран, Куба, Малдова, Узбекістан. Пагадненне аб зоне свабоднага гандлю з ЕАЭС падпісалі В’етнам, Іран, Сербія і Сінгапур.

Падзяліцца: