Мінлясгас канстатаваў “значны рост запазычанасцяў” у прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі

10 ліпеня, Позірк. Фінансава-эканамічную сітуацыю ў лясной і дрэваапрацоўчай галінах абмеркавалі ва ўрадзе пры ўдзеле прадстаўнікоў канцэрна “Беллеспаперапрам”, паведаміла прэс-служба Міністэрства лясной гаспадаркі.
Падставай, як адзначаецца, стаў “значны рост запазычанасці прадпрыемстваў дрэваапрацоўкі за пастаўленую раней лясгасамі лесапрадукцыю”. “Гэта ў сваю чаргу негатыўна адбіваецца на фінансавай устойлівасці арганізацый лясной гаспадаркі”, — падкрэслівае Мінлясгас.
“Людзі на месцах чакаюць ад нас канкрэтных рашэнняў. І я не сумняваюся, што па выніках сённяшняй сустрэчы гэтае рашэнне будзе знойдзена. Шэраг задач пастаўлены не толькі перапрацоўшчыкам, але і непасрэдна Мінлясгасу”, — заявіў міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік.
Паводле яго слоў, на сустрэчы гаворка ішла ў тым ліку аб “зніжэнні фінансавай нагрузкі на спажыўца за кошт аптымізацыі лагістычных выдаткаў”.
“Вызваленыя ў сваю чаргу сродкі могуць быць накіраваныя для разлікаў з лясгасамі. Усе даручэнні будуць прапрацаваныя найбліжэйшым часам”, — сказаў чыноўнік.
Аляксандр Лукашэнка раней прызнаваў, што беларуская дрэваапрацоўка панесла страты ад санкцый. У траўні 2025 года ён заявіў, што некалькі гадоў таму, калі даручаў арганізаваць у Беларусі вытворчасць пелет, меркавалася, што гэты від паліва будуць пастаўляць на рынак Еўрасаюза.
“Так, санкцыі па нас ударылі: Еўропа ўсё гэта скупляла па пэўных цэнах, цяпер яны, адурэўшы, стрэлілі сабе ў нагу і гэта не купляюць. Маюць велізарную цану па электраэнергіі, па газе і гэтак далей. Яны ачухаюцца. Яны прыйдуць да нас”, — сцвярджаў спікер.
Двума гадамі раней, у 2023 годзе, Кулік адзначаў, што вытворчасць пелетнай прадукцыі пасля ўвядзення санкцый “працуе на мінімальнай магутнасці”. “Замярзаюць на Захадзе, — сцвярджаў ён, — але на нашу прадукцыю, экалагічна чыстыя пелеты з драўніны, прынамсі мінулы сезон, ставілі заслон”.
2 сакавіка 2022 года супраць Мінска быў уведзены пакет санкцый ЕС, які сярод іншага ўтрымліваў забарону на экспарт прадукцыі дрэваапрацоўкі, у тым ліку піламатэрыялаў, брыкетаў, паліўных гранул, фанеры і драўняных пліт.
Міхаіл Касько, які займаў тады пасаду старшыні “Беллеспаперапрама”, заявіў у красавіку таго года, што пад еўрапейскія санкцыі трапіла амаль палова аб’ёму экспарту прадукцыі канцэрна. “Вядома, мы павінны разумець, што санкцыі нас не маглі не закрануць, паколькі звыш 40% экспарту прадукцыі, якую прадпрыемствы канцэрна выраблялі, адпраўлялася на рынкі Еўрапейскага саюза”, — сказаў ён.
5 снежня 2023 года ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць беларускіх фізічных і юрыдычных асоб. У спіс кампаній, уключаных у пакет, быў “Беллеспаперапрам”.
Аднак апошнія расследаванні сведчаць, што беларускай дрэваапрацоўцы ўдаецца абыходзіць санкцыі: з ліпеня 2022 года, калі Еўрасаюз увёў абмежаванні на імпарт прадукцыі дрэваапрацоўкі з Беларусі і Расіі, да кастрычніка 2024-га ў ЕС закупілі падсанкцыйнай фанеры з гэтых краін на 1,5 млрд еўра. Пра гэта ў сваім расследаванні ад 2025 года паведамляла арганізацыя Earthsigth.
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка
- Эканоміка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- ЭканомікаЗа пяць гадоў колькасць звольненых нядобрасумленных работнікаў вырасла на 5,6%Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства



