Мінск 16:07

Пракуратура знайшла ў дзіцячых лагерах Магілёўскай вобласці небяспечныя аб’екты, парушэнні санітарных правіл і пажарнай бяспекі

10 ліпеня, Позірк. “Неналежны стан гульнявога абсталявання” ў некаторых дзіцячых летніх лагерах Магілёўскай вобласці выявілі органы пракуратуры.

У Магілёўскім раёне, як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, пры абследаванні ў адным з лагераў гульнявых комплексаў “выяўлена дэфармаванне і разбурэнне дошак падлогі, наяўнасць цвікоў”. Парушэнні ліквідаваны.

Пасля праверкі аб’екта ў Асіповіцкім раёне дэмантавана лядашчая альтанка на тэрыторыі дзіцячай пляцоўкі.

“Не заўсёды ў аздараўляльных установах забяспечваецца належны кантроль за выкананнем санітарных норм і правілаў, — гаворыцца ў рэлізе. — У аздараўленчым лагеры Бабруйскага раёна на тэрыторыі гаспадарчай зоны неўпарадкавана захоўваліся дошкі, дровы, бытавыя і камунальныя адходы, спартыўнае абсталяванне”.

Пракурор раёна вынес прадпісанне ў адрас дырэктара, тэрыторыя “прыведзена ў належны санітарны стан”.

У некаторых лагерах выяўлены парушэнні правілаў пажарнай бяспекі: “У прыватнасці, распрацаваныя планы эвакуацыі не ў поўным аб’ёме адпавядалі дзеючай планіроўцы будынкаў, не заўсёды забяспечвалася ўтрыманне ў спраўным стане першасных сродкаў пажаратушэння. Былі недагляды пры арганізацыі навучання работнікаў <…> мерам пажарнай бяспекі”.

Знойдзены парушэнні “пры забеспячэнні прапускнога рэжыму”: “Падчас агляду пракурорскім работнікам тэрыторыі выхаваўча-аздараўленчага лагера ў Чавускім раёне знойдзены незавараны праём у плоце, што не выключала бесперашкоднае пранікненне пабочных асоб або самавольны догляд дзяцей. Акрамя таго, інструкцыя аб прапускным рэжыме ў лагеры не адпавядае”.

6 ліпеня 2025 года стала вядома, што на пажары ў аздараўляльным лагеры ў Маладзечанскім раёне (Мінская вобласць) пацярпелі тры чалавекі з ліку персаналу ўстановы, якія атруціліся прадуктамі гарэння, спрабуючы ўласнымі сіламі тушыць узгаранне.

Паводле звестак МНС, у спальным корпусе гарэла маёмасць. Узгаранне ліквідавалі пажарныя, эвакуацыю правёў персанал лагера. Пасля гукавога апавяшчэння работнікі лагера вывелі 132 чалавекі, у тым ліку 120 дзяцей.

14 ліпеня 2024 года ў аздараўленчым лагеры ў Рэчыцкім раёне загінула дзіця. 5 жніўня 2024 года пракуратура Гомельскай вобласці паведамляла, што падчас урагану, было “фармальнае стаўленне адміністрацыі <…> да правядзення інструктажоў, трэніровак па эвакуацыі і дзеяннях у надзвычайных сітуацыях”.

Пасля надзвычайнага здарэння наглядныя мерапрыемствы і праверкі дзіцячых аздараўляльных лагераў пачасціліся.

Падзяліцца: