Мінск 17:53

Смяротнае ДТЗ у Полацкім раёне — загінуў пешаход, кіроўца спрабаваў уцячы

Відэа: МУС / стоп-кадр: "Позірк"

19 жніўня, Позірк. Аб смяротным ДТЗ у Полацкім раёне (Віцебская вобласць) паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

Аварыя здарылася ў ноч на 18 жніўня на 31-м км аўтадарогі Н-3950 “Обаль — Полацк” каля вёскі Баяры.

Адзначаецца, што легкавы аўтамабіль здзейсніў наезд на 45-гадовага пешахода, кіроўца пасля гэтага пакінуў месца здарэння.

“Нягледзячы на цёмны час сутак і адсутнасць відавочцаў, міліцыянеры ў самыя кароткія тэрміны ўстанавілі яго асобу. Ім аказаўся 50-гадовы мясцовы жыхар, які раней тройчы прыцягваўся за нецвярозае кіраванне”, — гаворыцца ў паведамленні.

Мужчын затрыманы па месцы жыхарства і дастаўлены ў Полацкі РАУС. Падкрэсліваецца, што ён прызнаўся ў здзяйсненні ДТЗ.

16 жніўня паведамлялася аб гібелі ў ДТЗ 17-гадовага падлетка. Аварыя адбылася днём раней у Жлобінскім раёне (Гомельская вобласць): каля 21:08 на 3-м км аўтадарогі Н-4325 Папаратнае — Вялікі лес 52-гадовы кіроўца аўтамабіля “Рэно” здзейсніў наезд на непаўналетняга пешахода, які рухаўся ў спадарожным кірунку па абочыне.

Тады кіроўца таксама ўцёк з месца ДТЗ, але неўзабаве быў затрыманы.

Колькасць дарожна-транспартных здарэнняў знізілася ў Беларусі за год на 5,5% (з 3.453 у 2024-м да 3.262 у 2025-м), вынікае з праведзенага “Позіркам” аналізу звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта. Колькасць загінулых у ДТЗ скарацілася на 1,8% (з 434 да 426), траўміраваных — на 8,4% (з 3.804 да 3.483).

Падзяліцца: